Родныя і абаронцы Максіма Знака і Марыі Калеснікавай лічаць прысуд незаконным


Пасля вынясення прысуду Марыі Калеснікавай і Максіма Знаку, родныя і абаронцы палітвязняў распавялі пра некаторыя моманты, якія былі ў судзе. Інфармацыя ў справе палітвязняў абмежаваная, паколькі суд адбываўся ў закрытым рэжыме, а адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні.

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч лічыць, што прысуд, які агучылі Марыі і Максіму вельмі жорсткі, але не таму, што яны ўчынілі злачынства, а таму, што ўлады жорстка распраўляюцца з сваймі праціўнікамі.

«Вядома, мы лічым, што гэты прысуд незаконны», – кажа Таццяна Хоміч.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle/Telegram

Аляксандр Знак, бацька Максіма кажа, што сёння спачуванні можна выказаць і адвакатам, паколькі сістэма накіраваная супраць абвінавачаных і законы проста не працуюць. Максіму прыдумвалі розныя артыкулы, але няма сэнсу ў шуканні логікі і законнасці. Праграмны дакумент агучыў Лукашэнка, калі сказаў, што цяпер не да законаў. Таму ўсё чакана, прадказальна.

Аляксандр Калеснікаў, бацька Марыі назваў суд спектаклем, які прадэманстраваў ілжывасць, двуручнасць, якая прасочвалася падчас судовых паседжанняў. Аляксандр Калеснікаў адзначыў падтрыманне з боку грамадзянскай супольнасці.

Аляксандр Калеснікаў расказвае пра сваю дачку Марыю. 5 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

Сустрэчы з роднымі

У бліжэйшыя 10 дзён Максім Знак і Марыя Калеснікава змогуць сустрэцца з сваймі роднымі. Сустрэчы аднаразовыя, але родныя могуць звяртацца пасля гэтага яшчэ раз. Таксама стала вядома, што дзядзьку Марыі не далі дазвол на сёння, паколькі палічылі яго не блізкім родным, распавяла Таццяна Хоміч.

Марыю Калеснікаву могуць накіраваць у Гомельскую калонію, Максіма Знака – пакуль не вядома

Максіма Знака могуць накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму, але такіх калоніяў у Беларусі даволі шмат, таму куды яго накіруюць – даведацца немагчыма.

«Даведаемся пра гэта па факце», – кажуць абаронцы Максіма і Марыі

Абскарджваць прысуд будуць і адвакаты, і абвінавачаныя, бо ён неабаснаваны і незаконны.

«Іх віну не даказалі ў судзе. Ці ёсць шанцы? Чалавек, які невінаваты – мусіць даводзіць сваю пазіцыю. Прысуд будзе раней ці пазней адменены, я тут не сумняюся», – кажа адвакат Уладзімір Пыльчанка.

Hавiны
Ціханоўская пры прысуд Знаку і Калеснікавай: «Мы бачым нашых герояў моцнымі і свабоднымі»
2021.09.06 13:30

Як успрынялі прысуд палітвязні?

«Мне падалося, што яны былі гатовыя пачуць такі прысуд і магчыма, чакалі, што прысуд будзе яшчэ больш суровы. Мне падалося, што сын хваляваўся больш за мяне, чым за сябе. Прысуд Максім успрыняў спакойна. У яго не здрыгануўся ніводзін нерв», – кажа бацька Максіма.

«Аналагічныя адчуванні былі ў мяне. Я бачыў, што нашыя дзеці сёння больш за нас хваляваліся. Не пра агучаныя тэрміны, а за нас, як мы гэты ўспрымем. Сваймі дзеяннямі яны далі нам магчымасць перанесці больш лёгка агучаны прысуд. Ідучы на такія складаныя сустрэчы, я адчуваю небяспеку, што магу расчуліцца, магу сарвацца. Але дзякуючы нашым дзецям я адчуваў сябе больш спакойна, не ўпаў духам, але адчуў сілы ісці далей», – кажа бацька Марыі.

«Пачуваюць сябе абвінавачаныя даволі пазітыўна. Яны ўсміхаліся, смяяліся. Прысуд агучылі, але я пабачыў, што Марыя вельмі спакойна паставілася да гэтага», – кажа Уладзімір Пыльчанка.

Чарга перад судом, дзе вынесуць прысуд Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай.
Фота: euroradio / Telegram

Абаронцы будуць рэагаваць на прэсінг у турме

«Можа так стацца, што асуджаных будуць прэсаваць у турме. Але мы будзем сустракацца з імі і даносіць да грамадскасці пра сітуацыю з вязнямі. Факты прэсінгу сустракаюцца ў турмах, парушаюцца часта правы людзей за кратамі. У нас ужо былі спецумовы: падчас сустрэчаў з падабароннымі не было вентыляцыі, такія складанасці ўзнікалі, не даходзілі лісты», – кажа Уладзімір Пыльчанка

Што ў апошнім слове сказалі Максім і Марыя?

«Працэс закрыты, мы не можам распавядаць пра яго хаду. Аналагічная сітуацыя з папярэднім расследаваннем. Таму апошнія словы Марыі і Максіма пакуль грамадскасць не пачуе, але яны былі вельмі кранальныя. Падрабязнасці мы не можам агучваць. Дадаткова распавядаць складана. Тэрмінаў даўнасці падпісак няма», – кажа Надзея Знак.

Максім Знак.
Фота: Віктар Талачко / Sputnik

Уладзімір Пыльчанка таксама дадае, што лічыць падпіску аб неразгалошванні незаконнай, паколькі дзеля яе няма абставінаў. А нагодай для яе ўвядзення стала толькі тое, што працэс быў закрыты. Абаронца дадае, што ўвогуле абвінавачванне не знайшло свайго пацвярджэння. Нават самая змова не прасочваецца.

Пра памілаванне і лісты Васкрасенскага

«Наўпрост прапановаў аб падпісанні памілавання не было. Але прыйшоў ліст Васкрасенскага да Марыі. Толькі на такія лісты яна рэагаваць не збіраецца, не будзе і на іншыя прапановы. Чалавек не чыніў злачынства, таму не можа каяцца», – кажа Уладзімір Пыльчанка.

«Максім перакананы ў сваёй невінаватасці. Таму крытычна ставіцца да такіх прапановаў. Да суда яму прыйшоў ліст ад арганізацыі Васкрасенскага. Але тады не было прысуду, таму Максім расцаніў гэта як непісьменны дакумент. Бо памілаваць могуць толькі тады, калі ўступіў у сілы вырак суда. А выраку няма да гэтага часу», – кажа Надзея Знак.

Надзея Знак, жонка адваката Максіма Знака. Менск, Беларусь. 25 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

У залю суда сабралі «манекенаў»

«Дзяжурны міліцыянт на ўваходзе ў залю суда ў кожнага запытваўся прозвішча. У выніку пусцілі толькі пяць адвакатаў і 8 родных. І калі мы зайшлі, то апынулася, што заля запоўненая. Я потым паглядзеў і падумаў, што гэта манекены, бо ўсе былі ў масках і проста не паказвалі аніякіх эмоцыяў. Заля была разлічаная на 50-80 асобаў, мне складана сказаць дакладна. Але з 80 асобаў толькі 8 былі родныя. Мне сорамна за ўладу, якая так доўга вяла працэс, закрыла суд, але родных не пусціла ў суд. Бо палова тых, хто прыйшоў на суд, маглі б змясціцца ў залю. Такім чынам адкрыта дэманструецца непрыязь да людзей. Гэта вельмі сумна, сумна за такую ўладу», – кажа бацька Максіма Знака.

Hавiны
Да суда, дзе агучаць вырак Знаку і Калеснікавай, утварылася вялікая чарга
2021.09.06 12:48

«Я зайшоў перад роднымі Максіма ў залю. Маша сустрэла мяне гучным воклікам і сэрцайкам. Я пабачыў, што заля поўная. Я пачаў шукаць месца, але сакратар указала мне месца, маўляў, сядайце на першым радзе, такое адчуванне, што я нібыта ў чымсьці вінаваты і мне паказваюць на гэта. Я сеў, але да мяне падышоў нейкі чын і сказаў, каб я перасеў на другі рад і ўказаў мне месца пальцам. Але сакратарка зноў падышла і сказала мне перасесці назад. Маша ў адказ пачала смяяцца і сказала: «Тата, паглядзі, колькі тут незнаёмых. Давайце знаёміцца».

Я думаў, што будзе нейкая рэакцыя ў гэтых «манекенаў». Але яны адводзілі вочы, стараліся не сустракацца позіркамі з бацькамі роднымі. Калі я пачаў абурацца, той самы чын, які ўказваў мне месца, строга паглядзеў на мяне і пачаў забараняць перамовы. Я звярнуўся да яго, спытаў, каб ён назваўся. Ён грозна паглядзеў на мяне, але так і нічога не сказаў. Я разумею, што калі ў такім плане праходзяць усе нашыя суды, то яны ну ніяк не дэмакратычныя і не справядлівыя, гэта падаўленне правоў, свабоды», – кажа Аляксандр Калеснікаў.

Артыкулы
11 і 10 гадоў. Марыю Калеснікаву і Максіма Знака пакаралі зняволеннем
2021.09.06 13:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў