Беларусь і Расею сабраліся пазбавіць права вета ў АБСЕ


Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр паабяцаў абмежаваць для Беларусі і Расеі права вета ў арганізацыі. Пра гэта ён заявіў пасля паседжання Рады Міністраў АБСЕ ў польскай Лодзі.

Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр дае каментары медыям пасля паседжання Рады Міністраў АБСЕ. Лодзь, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Майкл Карпэнтэр расказаў журналістам пасля паседжання, што АБСЕ выпрацуе адпаведны механізм, які павінен абмежаваць ці наогул пазбавіць Беларусь і Расею права вета, каб рэжымы гэтых краінаў не маглі блакаваць працу арганізацыі.

Карпэнтэр сказаў, што Еўропа перажывае змрочны час – усе смуткуюць праз вайну ва Украіне, бо там адбываецца не проста парушэнне ўсіх нормаў міжнароднай сістэмы. Паводле яго, «барбарская прырода ўчыненых зверстваў супярэчыць чалавечай годнасці», але надзею дае тое, што ў АБСЕ ёсць кансэнсус – асудзіць дзеянні Расеі і працаваць разам супраць іх.

«Мы вырашылі, што гэтая арганізацыя больш не будзе знерухомленая праз расейскія абструкцыянізм і вета, – сказаў Карпэнтэр пра АБСЕ. – Мы знойдзем шляхі супольнай працы, нават калі гэта прадугледжвае змены некаторых правілаў працэдуры».

Ён дадаў, што АБСЕ будзе крэатыўнай і рашучай – і што з пачатку поўнамаштабнай вайны ўжо была такой. АБСЕ ўвяла так званы Маскоўскі механізм і была першай міжнароднай арганізацыяй, якая выслала ва Украіну даследчую місію, каб задакументаваць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва. У бліжэйшыя месяцы можна чакаць справаздачы місіі.

Месяц таму АБСЕ аднавіла місію падтрымання Украіны, якая будзе на месцы спрыяць размінаванню і сацыяльнаму падтрыманню ахвяраў вайны, умацаванню інфраструктуры і інстытуцыяў. Місію будуць фінансаваць праз добраахвотныя ўнёскі. Таксама АБСЕ склікала канферэнцыю аб правах чалавека ў Варшаве насуперак супрацьдзеянню Расеі.

Карпэнтэр выказаў упэўненасць, што АБСЕ зробіцца мацнейшай і лепш аб’яднанай арганізацыяй, з большымі здольнасцямі, нягледзячы на расейскую вайну і расейскія перашкоды.

«Мы працягнем ізаляваць Расею і Беларусь, запэўнім прыцягненне іх да адказнасці, пакажам парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы, выкарыстаем для гэтага арганізацыю, – паабяцаў Карпэнтэр. – І мы таксама будзем прыцягваць Беларусь да адказнасці, бо Беларусь ёсць суагрэсарам у гэтым канфлікце. У Беларусі цяпер амаль 1500 палітычных зняволеных. Мы не дазволім Беларусі знікнуць з парадку дня, мы будзем улічваць тое, што робіць гэты рэжым».

Hавiны
Расея і Беларусь трапілі пад агонь крытыкі на паседжанні Рады міністраў АБСЕ
2022.12.01 21:18

Дзень таму на паседжанні Рады Міністраў АБСЕ ад імя нябожчыка Уладзіміра Макея зачыталі зварот, у якім апраўдваўся расейскі напад на Украіну. Сярод іншага ў звароце сцвярджалася, што арганізацыя «ледзьве дыхае».

На пытанне журналіста «Белсату» Ігара Кулея аб тым, ці не было памылкай запрашаць прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, Карпэнтэр адказаў, што гэта не дзіва, што прадстаўнік Беларусі будзе ўдзельнічаць у распаўсюдзе дэзынфармацыі, а АБСЕ не проста дыхае, а актыўна пашырае і паглыбляе кааперацыю ў рэгіёне, нягледзячы на супрацьдзеянне Беларусі і Расеі.

«Але я скажу тое, што казаў раней: гэта інклюзіўная арганізацыя, як ААН, яна не грунтуецца на крытэрыях удзелу, як NATO ці Еўразвяз, – дадаў Карпэнтэр пра АБСЕ. – На тое ёсць прычыны, і мы хочам захаваць гэта як ёсць, але выкарыстоўваць арганізацыю, каб ізаляваць і прыцягваць да адказнасці краіны, якія парушаюць базавыя абавязкі».

Ён удакладніў, што пад ізаляцыяй мае на ўвазе скасаванне магчымасці вета такіх рэчаў, як праграмы падтрымання Украіны. АБСЕ хоча не даць фармальнасцям пераважыць агульныя прынцыпы арганізацыі – і гэтае жаданне ёсць канцэптуальнай зменаю гэтага года.

Прыцягненне Расеі і кожнай вінаватай асобы да адказнасці мусіць уключаць усе магчымыя механізмы, адзначыў Карпэнтэр, у тым ліку Маскоўскі механізм, Камісію расследаванняў ААН, магчымасці пракурора Міжнароднага крымінальнага суда і ўкраінскага Генеральнага пракурора, магчымасці розных краінаў ва ўніверсальнай юрысдыкцыі і спецыяльных трыбуналах.

Hавiны
«Ні Савіных, ні Рачкоў». Латушка распавёў, што дэпутатаў Лукашэнкі не пусцяць на ПА АБСЕ
2022.11.20 20:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў