Наваградскі выканкам заклікае ахвяроўваць на помнік Міндоўгу


У першай сталіцы ВКЛ плануюць паставіць помнік першаму вялікаму князю і адзінаму каралю Літвы Міндоўгу. Устаноўка будзе зроблена за кошт небюджэтных сродкаў. Наваградскі выканкам запрашае ўсіх ахвотных пералічваць ахвяраванні на манумент.

Як паведамляе сайт установы, ідэя ўсталяваць помнік упершыню была выказана і абгрунтавана ў 2003 годзе на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праводзілася ў Наваградку і была прысвечана 750-годдзю каранацыі князя (у 1253 г. ён атрымаў каралеўскую карону ад Папы Рымскага Інакенція IV і быў каранаваны ў Наваградку).

Эскіз помніка Міндоўгу. Фота: TUT.BY

Устаноўка і адкрыццё помніка на гарадской плошчы ў Наваградку ўхвалена Міністэрствам культуры. 6 жніўня 2018 года Рэспубліканская мастацка-экспертная рада вызначыла пераможцам скульптара Сяргея Бандарэнку.

«Стварэнне помніка Міндоўгу ў Наваградку, адным з найстаржытнейшых культурна-гістарычных цэнтраў Беларусі, стане значнай падзеяй у культурным жыцці краіны, а таксама яркім сведчаннем шматвекавой гісторыі беларускае дзяржаўнасці», – падсумоўвае ў сваім паведамленні Наваградскі райвыканкам.

Цяпер неабходна вырабіць мадэль помніка Міндоўгу і прадставіць яе Рэспубліканскай мастацка-экспертнай радзе. Папярэдні кошт мадэлі – 26 тысячаў рублёў. Станам на 04.06.2019 сабрана 4285.89 рублёў. Рэквізіты для ахвяраванняў:

Аддзел культуры Наваградскага райвыканкама.

УНП 500031377 у ЦБП № 416 г. Наваградак ф-л № 413 ААТ «АСБ Беларусбанк» г. Ліда.

БІК AKBBBY21413.

BY72AKBB36425210006224200000

(з пазнакай «На выраб помніка Міндоўгу»)

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu / фота вокладкі: TUT.BY

 

У Лідзе ўсталююць помнік Гедыміну

Глядзі таксама
Каментары