Нацыянальны гістарычны музей узначаліў 26-гадовы культуролаг


Павел Сапоцька. Фота – sozvuchie.by

Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь стаў культуролаг Павел Сапоцька, паведамляе minsknews.by.

Яго прызначылі на гэтую пасаду 29 сакавіка. Ён змяніў Алега Рыжкова, які кіраваў музеем з 2013 года. Сам Павел Сапоцька раней узначальваў мастацкую галерэю «Універсітэт культуры».

«Гэта вельмі нечаканае і прыемнае для мяне прызначэнне, бо я люблю Нацыянальны гістарычны музей, ведаю мерапрыемствы, якія там праводзяцца, людзей, што там працуюць. У музеі сабрана багатая матэрыяльна-духоўная і гісторыка-культурная спадчына Беларусі. І наша задача максімальна папулярызаваць тое лепшае, што там ёсць. У планах рэалізацыя культурна-асветніцкіх праектаў, фондавая дзейнасць, правядзенне навукова-практычных канферэнцый, выдавецкія праекты, умацаванне міжнародных культурных сувязяў. Напрамкаў работы шмат. Калектыў добры – больш за 200 чалавек, 6 філіялаў. Таму ў найбліжэйшы час буду з усімі знаёміцца, вывучаць патэнцыял музею і запусцім шэраг новых цікавых праектаў», – сказаў Павел Сапоцька.

Павел Сапоцька нарадзіўся 4 студзеня 1992 года ў Маладзечне. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, спецыялізуецца на менеджменце сацыяльнай і культурнай сферы. У 2014 годзе скончыў магістратуру БДУКМ і выкладае на кафедры міжкультурных камунікацый гэтага ўніверсітэту.

З’яўляецца старшынёй праўлення Менскага абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры, намеснікам старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, выконвае функцыі адказнага сакратара дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» па Маладзечне, кіруе Цэнтрам міжкультурнага дыялогу і сацыяльных ініцыятыў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Сябра розных грамадскіх абʼяднанняў і арганізацыяў.

ЮВ, belsat.eu, паводле minsknews.by

Стужка навінаў