Падарунак на Дзень настаўніка – звальненне пасля 8 содняў арышту


Дырэктар адной з гомельскіх школаў прапанаваў настаўніку гісторыі К. напісаць заяву аб звальненні на ўласнае жаданне, калі той выйшаў на працу пасля арышту.

23-гадовы К. (ураджэнец вёскі Радуга, што на Веткаўшчыне) адпрацаваў па размеркаванні пасля ўніверсітэту 2 гады ў Жыткавічах. Сёлета ў жніўні ён уладкаваўся настаўнікам гісторыі ў адну з гомельскіх школаў. Некалькі разоў хадзіў на нядзельныя Маршы пратэсту, якія кожны тыдзень праходзяць у Гомлі.

«Я ж гісторык, – тлумачыць К., – мне вельмі цікава тое што зараз адбываецца ў Беларусі, гэта грамадска-палітычнае ўзрушэнне, таму я хадзіў на нядзельныя Маршы».

Падчас Маршу справядлівасці 20 верасня К. быў затрыманы АМАПам, калі стаяў у счэпцы ў першым шэрагу. Да суда маладзён быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў яго на 8 содняў арышту «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Нядзельны марш пратэсту ў Гомлі, які наведваў звольнены настаўнік Сяргей Конухаў.
Фота: Радыё Свабода

Калі пасля арышту ён прыйшоў на працу, дырэктар запытаўся, ці чуў ён, што казаў Лукашэнка пра настаўнікаў, якія не падтрымліваюць дзяржаўную ідэалогію ды папрасіў распавесці акалічнасці затрымання.

«Я пачаў яму тлумачыць, – распавядае К., – але ён мяне хутка перарваў і сказаў, што не можа мяне пакінуць на працы і прапанаваў напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні, па згодзе бакоў, каб не было «негатыўных момантаў у маёй працоўнай гісторыі».

Наўпрост канешне не казаў, што можа звольніць паводле артыкулу, але завуалявана прагучала. І дадаў, што цягам года я не змагу ўладкавацца ў сістэме адукацыі».

Па каментар, ці няяўка на працу праз знаходжанне ў ізалятары з’яўляецца законнай падставаю для звальнення працаўніка, «Белсат» запытаўся ў прававога інспектара прафсаюзу РЭП Леаніда Судаленкі:

«Настаўнік канешне зрабіў памылку, што пагадзіўся на звальненне паводле ўласнага жадання. Каб яго звольнілі за прагул, наш прафсаюз аднавіў бы яго на працы, бо знаходжанне ў ізалятары з’яўляецца паважнай прычынай (пры наяўнасці даведкі з ІЧУ) і ў такім выпадку звальненне за прагул не законнае».

Прыхідбнікі пераменаў з Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Гэта прынамсі трэці выпадак у Гомлі, калі пасля выбараў наймальнікі звальняюць працаўнікоў праз іхную грамадскую актыўнасць. Гэтак з заводу «Гомсельмаш» звольнілі Валера Крахмалава і Арцёма Савіцкага, а Аляксандру Рымараву звольнілі з агракамбінату «Паўднёвы».

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў