Нападніка на Верхнядзвінскі РАУС адправілі на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу


Верхнядзвінскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.14, ст.362 (замах на забойства працаўнікоў органаў унутраных справаў) Крымінальнага кодэкса ў дачыненні 18-гадовага юнака, што здзейсніў напад на мясцовы РАУС 1 студзеня.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэту.

Паводле СК, раніцай 1 студзеня 2020 года хлопец, «дзейнічаючы з хуліганскіх меркаванняў, груба парушаў грамадскі парадак паблізу Верхнядзвінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС». Нагадаем, раней была інфармацыя, што ён кінуў у будынак Дэпартаменту аховы «кактэйль Молатава».

Дзяжурны міліцыянт выклікаў нарад міліцыі. «Падчас затрымання малады чалавек аказаў супраціў і прычыніў нажавыя раненні двум працаўнікам органаў унутраных справаў, якія прыбылі на выклік», – адзначаюць у СК.

Фота – t.me/skgovby

Следча-аператыўная група на месцы здарэння знайшла «дзве шкляныя ёмістасці з вадкасцю, якая мае пах гаруча-змазачных матэрыялаў, якія хлопец паспеў кінуць на тэрыторыю аддзялення».

«У дачыненні затрыманага следчымі прызначаная комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза», – дадалі ў СК.

Міліцыянтам аказалі неабходную медычную дапамогу, іх жыццю і здароўю нічога не пагражае, сцвярджаюць у Следчым камітэце.

«З падазраваным у цяперашні час праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні. Расследаванне працягваецца», – паведамілі ў СК.

Hавiны
Былая настаўніца нападніка на Верхнядзвінскі РАУС: Гэты чалавек апынуўся не ў сваім часе, не ў сваёй эпосе
2020.01.02 13:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў