Былая настаўніца нападніка на Верхнядзвінскі РАУС: Гэты чалавек апынуўся не ў сваім часе, не ў сваёй эпосе


У ноч на 1 студзеня ў Верхнядзвінску пасля нападу на мясцовы РАУС міліцыянты затрымалі 18-гадовага хлопца, які шпурнуў бутэльку з запальнай сумессю на тэрыторыю аддзелу аховы. А падчас спробы затрымання ён параніў нажом двух міліцыянтаў. «Белсат» паразмаўляў са знаёмымі хлопца і яго былой настаўніцай.

Перад нападам падазраваны выпусціў відэазварот і апублікаваў маніфест, дзе патлумачыў свае погляды ды дзеянні.

Абноўлена
На Віцебшчыне хлопец з кактэйлем Молатава і нажом напаў на аддзяленне міліцыі
2020.01.01 13:26

Юнак толькі летась закончыў школу ў Смаргоні і паступіў у Полацкі ўніверсітэт. У школе Г. памятаюць як ціхоню, які быў замкнёным.

Знаёмы Г. распавёў «Белсату», што хлопец камунікаваў у школе з іншымі дзецьмі, але вось каб сябраваць з кімсьці, то такога і не было. У ВНУ, дзе юнак навучаўся, яго аднакурснікі нічога пра яго не могуць сказаць. Адзін з субяседнікаў «Белсату» распавёў, што хлопец практычна не наведваў заняткі. З верасня да канца года яго практычна ніхто і не бачыў.

Болей пра юнака распавяла «Белсату» яго былая настаўніца Алена Яўгенаўна.

«А ў мяне пытанне: а з якімі прыяцелямі вы размаўлялі? Я чаму запытваюся – у мяне такое адчуванне, што ў яго не было аніводнага сябра. Прынамсі, у школе дакладна не было. Можа цяпер, калі яго імя стала так сумна вядомым, усе гатовыя казаць, што яны з ім сябравалі і яны з ім камунікавалі. А на самой справе ён быў абсалютна адзінокім чалавекам», – распавяла «Белсату» былая класная кіраўніца Г. Алена Яўгенаўна.

Паводле педагога, юнак проста не адчуваў патрэбы ў кантактах. Ён ніколі не быў у сацыяльных сетках. Настаўніца распавяла, што камунікавала з дзецьмі пры дапамозе сацсетак, але да Г. ніхто не мог ніколі дагрукацца.

«Я апошнія два дні думаю пра яго. І чым больш пра яго думаю, тым больш у мяне баліць за яго душа. Мне падаецца, што гэты чалавек апынуўся не ў сваім часе, не ў сваёй эпосе. У нашай школе ён навучаўся толькі апошнія два гады. Калі ён перайшоў з папярэдняй школы, а прычынаю для гэтага стала нейкае непаразуменне, мы яго ўсімі сіламі намагаліся неяк прыцягнуць да сябе. Але ён такі воўк-адзіночка. Але воўк у такім добрым сэнсе. Ён не быў агрэсіўным ці забітым. Але было адчуванне, што яму не патрэбен кантакт», – адзначае настаўніца Г.

Камфортна сябе адчуваў без камунікацыі

Былая настаўніца юнака, як і тыя, хто яго ведаў, адзначаюць, што Г. прыходзіў у школу разам са званком, каб як мага менш мець кантактаў. Звычайна хлопец адмаўляўся ад удзелу ў мерапрыемствах.

«Я не магу сказаць, як ён праводзіў свой прыватны час, калі заставаўся адзін. Справа ў тым, што я неяк спрабавала даведацца, ці засталіся ў яго сябры з папярэдняй школы, адкуль ён прыйшоў да нас, але ні разу ні з кім не бачыла. Пры гэтым ён скончыў музычную школу, ведаю, што ён скончыў аўташколу – праўда, не ведаю, ці атрымаў правы кіроўцы. Не, ён не быў нейкім забітым. Магчыма, што ў вольны час ён чытаў. Але няшмат магу сказаць на гэты конт», – распавядае Алена Яўгенаўна.

Настаўніца выказвае меркаванне: магчыма, юнак у некаторым сэнсе быў неадаптаваным да жыцця. У якасці прыкладу яна ўзгадвае момант. Напрыканцы навучальнага году ў школе адбываецца мерапрыемства «Цырымонія прызнання». Падчас гэтай імпрэзы адзначаюць пераможцаў алімпіядаў. Г. быў пераможцам абласнога этапу на алімпіядзе па гісторыі.

«Ён прыйшоў на імпрэзу з вялізнай колькасцю кветак. І з імі сышоў дадому. Я бачыла, што ён прыйшоў. Паклікала яго. Ён падышоў да мяне, сеў побач. Выйшаў на сцэну, але кветкі так нікому і не ўручыў. Калі ён зноў вярнуўся з кветкамі, я спытала ў яго, чаму ён не падарыў кветкі настаўніку гісторыі. У выніку я даведалася, што хлопец проста не зарыентаваўся, дзе знайсці настаўніка. Пасля імпрэзы я сказала Г., што сыходжу, развіталася з ім. А на наступны дзень ён мне кажа, маўляў, чаму я сышла, бо ён нават кветкі мне не падарыў», – распавяла настаўніца.

У юнака былі свае правілы

Хлопец быў не гібкім і не ўмеў прыстасоўвацца, лічыць настаўніца. Яна ўзгадвае, што калі Г. прыйшоў на тэставанне, то паклаў перад сабою падручнік. Калі яму сказалі, што так нельга, ён адказваў, што ім не карыстаўся, і пераканаць яго было немагчыма. Алена Яўгенаўна дадае, што ў хлопца было сваё бачанне правілаў.

«Чаму мне баліць душа? Мне падаецца, што, калі ён пайшоў навучацца ва ўніверсітэт, то да яго не было індывідуальнага падыходу, там проста палічылі, што ён дарослы. А яму неабходна было, каб нехта быў побач, каб нехта ўзяў яго за руку і сказаў, каб ён не рабіў глупстваў. Мне аж плакаць хочацца, гляджу на яго фота цэлы дзень. Ён вельмі разумны, вельмі неардынарны, думаючы малады чалавек, які мог зрабіць і дабіцца вельмі шмат. Але зрабіў тое, што зрабіў», – адзначае настаўніца.

Паводле настаўніцы, мама Г. працуе выкладчыкам у музычнай школе. Яна яго вельмі любіць, апякае. Магчыма, хлопца раздражняе звышапека. Ей падавалася, што Г. крыўдзяць. Але для хлопца камфортнай была адзінота. Яму не патрэбна была кампанія, не было ў яго патрэбы сядзець з кімсьці і нешта абмяркоўваць.

«У іх сям’і былі такія строгія пазіцыі. Напрыклад, мама не мела права заглядаць у яго дзённік. І яна мне тэлефанавала, запытвалася, якія ў Г. адзнакі. Я кажу, дык у дзённіку паглядзіце. А яна адказвала, што не можа, бо Г. ёй не дазваляе. Як ставіўся Г. да мамы – я не ведаю. Не, ён не быў з ёй грубым. Але я не бачыла, каб Г. быў з кімсьці шчырым», – кажа настаўніца.

Педагог узгадвае, што Г. у свой час вельмі балюча ўспрыняў развал сямʼі. Гэта адбылося, калі ён быў у 5-м класе. Менавіта тады юнак моцна змяніўся.

Жартаваў, што ўчыніць нешта такое, што яго запомняць

Падчас алімпіяды ў Горадні з Г. пазнаёміўся Яўген Зінкевіч. Хлопец кажа, што ведаў Г. зусім мала.

«Не, я не скажу што ён кепскі, ён проста сарамлівы і не мог знайсці людзей, якія з ім размаўлялі б па-сяброўску. Ён захапляўся ідэалогіяй розных палітычных дзеячаў таго часу. Разглядаў палітыку вайсковай справы», – распавёў «Белсату» Яўген Зінкевіч.

Яўген таксама ўзгадвае: пасля алімпіяды яны сустрэліся і з вуснаў Г. прагучала, што ён зробіць нешта такое, што яго яшчэ запомняць, але адзначае, гэта быў проста жарт, не больш.

Падрабязнасці здарэння ў МУС пакуль не раскрываюць.

Hавiны
Навучаўся ў ваенна-патрыятычным класе. Што вядома пра нападніка на Верхнядзвінскі РАУС?
2020.01.02 06:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў