Набліжаецца старт БелАЭС. Ці каронавірус яго затрымае?

У ліпені маюць загрузіць ядравае паліва ў першы энергаблок, хаця ў Міністэрстве энергетыкі падкрэсліваюць, што тэрміны могуць адсунуцца. На фоне будаўнічых працаў, якія не спыняюцца, не зважаючы нават на пандэмію, прэзідэнт Літвы заявіў, што Вільні трэба развеяць ілюзіі: Беларусь не адмовіцца ад запуску АЭС. Аднак ёсць адна праблема, і яна не тэхнічная.

У Астраўцы ідзе выгрузка ядравага паліва для першага энергаблока і працягваюцца будаўнічыя працы на другім, паведаміў медыям на брыфінгу ў Менску намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. Таксама ён адказаў на пытанне, калі плануецца загрузка ядравага паліва ў першы энергаблок.

Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі Беларусі, Менск:

«У межах графіку генеральнага будаўніка такая гатовасць будзе забяспечаная ў ліпені».

На БелАЭС завезлі ядравае паліва

Да фінальнай стадыі праекту афіцыйнаму Менску яшчэ трэба адказаць на пытанні: ці адбудзецца візіт місіі МАгАтЭ ў часе эпідэміі ды як напрыканцы чэрвеня будуць праходзіць грамадскія слуханні ў Астраўцы, якія павінныя адбыцца перад фізічным запускам станцыі? Тэарэтычна ўлады Беларусі яшчэ маюць шанец адтэрмінаваць запуск АЭС, кажа эксперт у пытаннях энергетыкі Арцём Быстрык.

«Самае разумнае было б зараз, спаслаўшыся на пандэмію, на сусветны крызіс, прыпыніць запуск. Нават пасля таго як паліва завезлі, нават склаўшы яго на пляцоўцы АЭС, пакуль паліва не апрамененае, не запушчанае ў рэакцыю, мы не павінныя нават выплочваць крэдыту. І гэтае рашэнне (запуску) было б разумна адкласці на месяц, два, тры. Пакуль глабальныя крызісы не скончацца. І гэта было б цудоўнае рашэнне для ўладаў – аб’ектыўна ёсць прычыны пакуль не рызыкаваць».

Суразмоўца «ПраСвету» звяртае ўвагу, што ўсцяж няма публічных разлікаў сабекошту будучай электраэнергіі, куды закладаліся б крэдытныя абавязкі беларускага боку. Пры гэтым у суседняй Вільні прыкладаюць максімум намаганняў у закрыцці еўрапейскага рынку для электраэнергіі з Астраўца.

Гаворыць Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы, Звяз Бацькаўшчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты:

«Ідзе цяжка праца, Польшча і Украіна нас падтрымліваюць. На мінулым тыдні мы атрымалі добрыя сігналы з Эстоніі, працуем з латышамі».

Жыгімантас Павілёніс называе запуск БелАЭС варʼяцтвам і тлумачыць, чаму складана ідуць перамовы з латышамі.

Ці Беларусь выбіла ў Расеі зніжку на БелАЭС?

Жыгімантас Павілёніс:

«Я думаю, што расейскае лобі актыўна працуе ў Рызе, каб паламаць адзінства балтыйскіх краінаў, але я спадзяюся, што, калі мы ўсе будзем працаваць, і прэзідэнт, і ўсе міністры, і прэмʼер, і парламент, мы гэта зробім».

Улады Беларусі таксама разлічваюць на ўкраінскі энергарынак, але праз падзенне вытворчасці ды эканамічны крызіс Кіеў вымушаны нават скарачаць вытворчасць на ўласных атамных электрастанцыях.

Каментуе Вольга Кошарна, сябра экспертнай рады Міністэрства энергетыкі, Кіеў:

«Украіне не патрэбная электраэнергія, ды імпарту ў нас не было з 2015 года. У параўнанні нават з сакавіком 2020 года, у красавіку спажыванне электраэнергіі ўпала на 11 %, гэта вельмі шмат. Таму быў перагледжаны баланс вытворчасці электраэнергіі, і атамныя станцыі зменшылі вытворчы план на 8 %».

Пасля апошняга візіту місіі МАгАтЭ ў Беларусь мінулі два месяцы. Тэхнічных прэтэнзіяў эксперты арганізацыі да Беларускай АЭС не маюць, але рэкамендацыі МАгАтЭ Менск так і не апублікаваў. Пад пытаннем таксама і чарговы візіт у Беларусь, яго дата не анансуецца.

Прэзідэнт Літвы папрасіў Украіну перагледзець рашэнне аб набыцці электраэнергіі з БелАЭС

Гаворыць Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапейскага парламенту:

«Назіраючы за тым, як афіцыйны Менск прымае выклік каронавіруса, я не ведаю, як гэта патлумачыць: адмаўленне рэчаіснасці, спробы ўцячы ад неабходных рашэнняў. І ўсё гэта робіцца за кошт чалавечых жыццяў. Мы бачым магчымасць такога апартуністычнага падыходу і да АЭС, гэты прынцып мыслення перакладаецца і на іншыя пытанні».

Пры гэтым на найвышэйшым узроўні ў Літве, здаецца, ужо змірыліся з тым, што рана ці позна БелАЭС пачне сваю працу. І ў такіх умовах літоўскія ўлады будуць дамагацца ад Менску выканання стандартаў бяспекі Еўразвязу на АЭС у Астраўцы.

Віргіліюс Падэрыс, старшыня Камісіі энергетыкі і ўстойлівага развіцця Сейму Літвы:

«Калі станцыю ўсё ж такі запусцяць, мы хочам, каб яна працавала паводле стандартаў ды запэўнівала бяспеку і жыхарам Беларусі, і нам».

Літоўскія дэпутаты рэкамендавалі ўладам «дабівацца санкцыяў Еўразвязу» супраць расейскай кампаніі «Атомстройэкспорт», якая будуе АЭС. Але нават прэзідэнт Наўседа прызнаў, што з рашучымі дзеяннямі супраць беларускага атамнага праекту Літва спазнілася на 11-12 гадоў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» 16.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

 

 

 

Hавiны