Ці Беларусь выбіла ў Расеі зніжку на БелАЭС?


Расея пагадзілася не толькі перанесці выплаты крэдыту за будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Масква знізіла стаўку па дзесяцімільярднай пазыцы ледзь не ўдвая. Ці можна лічыць гэта перамогай беларускага боку, і што далей са шматпакутнай АЭС, якая паводле першапачатковага плану мелася б працаваць ужо трэці год?

Будаўніцтва Астравецкай АЭС вядзецца практычна цалкам за расейскія грошы і пад кіраўніцтвам расейскіх адмыслоўцаў. І з 2018 года пазіцыя беларускага боку простая: гэта расейцы спазняюцца па ўсіх тэрмінах, а значыць, трэба мяняць умовы крэдыту. Урэшце цяпер, паводле паведамленняў цэлага шэрагу айчынных СМІ, Масква цалкам пагадзілася на ўмовы Менску.

Яраслаў Раманчук, Даследчы цэнтр Мізэса:

«Гэта не толькі перамога беларускага боку, а такое тэхнічнае пытанне. Паколькі фармальна Расея адказвае за праект, яны яго не ўвялі, можна падаць у Стакгольм, і гэта будзе цягнуцца тры гады яшчэ. Таму яны і вырашылі – тут сварыцца няма чаго».

Паводле ўмоваў крэдыту, разгарнуцца ў будаўніцтве АЭС можам на $ 10,5 млрд, хаця колькі з гэтай сумы сапраўды выкарыстана – сказаць цяжка. Летась увесну Лукашэнка ацэньваў кошт станцыі на $ 7 млрд. Але першыя выплаты меліся б пачацца ўжо налета і працягнуліся б 20 год. Прычым за першую палову пазыкі налічваліся б больш за 5 % гадавых, што спарадзіла б шмат пытанняў да мэтазгоднасці будоўлі.

Сяргей Чалы, эканаміст:

«Калі сам гэты праект задумваўся, былі зусім іншыя разлікі што да велічыні спажывання. За гэтае дзесяцігоддзе эканоміка не вырасла, як планавалася».

А тут яшчэ і абвал коштаў на энерганосьбіты. Вельмі добра, што Расея нібыта пайшла Беларусі насустрач. Плаціць пачнем толькі ў 2023 годзе і значна меншы адсотак: 3,3 %. Гэта нават лепей за ўмовы Бангладэшу, дзе Расея таксама будуе АЭС, праўда, з іншымі ўмовамі крэдытавання: толькі пятнаццаць год выплатаў і не больш за 4 % на год.

ВІДЭА
Лукашэнка не дамовіўся з Пуціным пра нафту?
2020.03.29 09:05

Віціс Юрконіс, Інстытут міжнародных стасункаў, Вільня:

«У інтарэсах Беларусі не запускаць станцыі, бо калі казаць, па-першае, пра крэдыт – гэта вялікі ціск на эканоміку Беларусі. А па-другое – падаецца, што гэта не асабліва выгадны праект».

На самым пачатку – амаль дванаццаць гадоў таму – Аляксандр Лукашэнка тлумачыў:

«Мы закладаем функцыянаванне беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца праблема рэзкага вычэрпвання запасаў вуглевадароднае сыравіны. Я думаю, будучае пакаленне ацэніць нашае рашэнне».

Мінула дзесяць гадоў, планаваныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю першага рэактару праваленыя, Еўразвяз ужо адмовіўся купляць электраэнергію з АЭС, у бяспецы якой сумняваўся, але шанцы не змарнаваць прынамсі магутнасці станцыі былі.

ВІДЭА
Літоўскі дэпутат: мяжа з незалежнай Беларуссю – гэта ўжо мяжа і з Расеяй
2020.02.08 07:05

Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца інтэрнет-выдання «БелРынок»:

«Ёсць магчымасць экспартаваць беларускую энергію пасля запуску электрастанцыі на еўразійскі рынак. Справа ў тым, што агульны еўразійскі рынак павінен запрацаваць 1 ліпеня наступнага года».

Цяпер гэтае дасягненне інтэграцыі ў межах еўразійскай прасторы абяцаюць запусціць у 2025 годзе. Куды да гэтага дзяваць электраэнергію – невядома. Польшча з Украінай дэфіцыту электраэнергіі не маюць. А пакуль ЕАЭС запусціць свой агульны рынак, краіны Балтыі не тое што не захочуць, як цяпер, – не змогуць купляць нашую электраэнергію. Бо выйдуць з сінхроннага рэжыму працы энергакальца БРЭЛЛ. Сістэмы, што яднае энергасістэмы краінаў Балтыі, Беларусі і Расеі. Перадусім патрэбнай дзеля забеспячэння патрэбаў Калінінградскае вобласці.

«Пастаўлены тэрмін – 24 гады. І акурат паводле шэрагу нейкіх палітыкаў і чыноўнікаў Літвы праз гэта намагаюцца запусціць Астравецкую АЭС, каб перашкодзіць гэтаму канчатковаму адчапленню Літвы і краінаў Балтыі ад энергетычнага кальца з Расеяй», – упэўнены Віціс Юрконіс.

А калі няма куды прадаць – навошта нам тая станцыя? Столькі энергіі Беларусі не трэба.

«Калі, да прыкладу, Расея адмаўляецца, парушаючы прынцыпы ЕАЭС, купляць нашае паліва, нашую электраэнергію, ну то маем падставы лагічныя і юрыдычныя казаць: мы гэтую станцыю запускаць не будзем, бо вы парушаеце прынцыпы, на каторыя мы разлічваем», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Гітанас Наўседа, прэзідэнт Літвы – галоўнай праціўніцы Астравецкай АЭС, у размове з Лукашэнкам ізноў нагадаў аб праблемнай станцыі.

Аста Скайсгірыце, старэйшая дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях замежнай палітыкі, заявіла:

«Мы лічым будаўніцтва электрастанцыі дадатковым цяжарам для беларускай эканомікі, улічваючы расейскія крэдыты. Каб зменшыць залежнасць Беларусі ад расейскіх крэдытаў і інфраструктуры, рашэннем будзе рэальная дыверсіфікацыя энерганосьбітаў».

Пакуль гаворка ідзе пра дыверсіфікацыю фінансавага падтрымання.

«Нам дастаткова моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды. Ураду я даручыў, каб усе грошы, што мы атрымаем ад МВФ, Сусветнага банку, ЕБРР – пайшлі на ахову здароўя», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

ВІДЭА
Экс-кіраўнік Літвы: Астравецкая бомба – свінства з боку Беларусі
2019.11.25 07:05

Калі Еўразійскі банк развіцця звычайна ў крэдытаванні не адмаўляе, то з МВФ і Сусветным банкам можа быць усё не так проста, мяркуе адмысловец Сяргей Чалы:

«Даволі складана прэтэндаваць на гэтыя грошы і пры гэтым адмаўляць, што ў нас ёсць эпідэмія. Мы ж кажам, што ў нас толькі паніка. То бок натуральна – усе структуры, у якія можам звярнуцца, скажуць: хлопцы, вы не ў прыярытэце».

Прынамсі пра адкладанне і змену адсоткаў крэдыту за АЭС вядома дакладна… Ці не? Чаму пра гэта не пішуць расейскія СМІ?

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Вышэйшая школа эканомікі, Масква:

«Мы скіравалі запыт у тры профільныя федэральныя ведамствы, ні адно з іх не пацвердзіла нам наяўнасць такога пагаднення. Адно з ведамстваў сказала, што ніякіх папераў не атрымлівала. Але ўсе тры ўстановы заявілі, што ведаюць пра прапанову беларускага боку, якая агучваецца, як ужо вырашанае пытанне».

Паводле адмыслоўца, расейскі бок гатовы пайсці на пэўныя палёгкі ў пытаннях крэдыту за АЭС, аднак у Крамлі яшчэ ніхто нічога не вызначыў. То бок далей мы маем два сцэнары развіцця падзеяў. Масква махне рукою і зробіць выгляд, што сапраўды – усе мірна дамовіліся. Або нас чакае чарговы фронт змагання ўнутры Саюзнае дзяржавы, калі Менск будзе намагацца выдаць жаданае за існае і абурацца нягнуткай пазіцыяй Масквы.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Cюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 24.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Фота на прэв’ю: Natalia Fedosenko / TASS

Стужка навінаў