Тэрмін падачы заявак на ўдзел у праймарыз для вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах скончыўся 16 лютага. Цягам найбліжэйшых двух тыдняў дакументы заяўнікаў правераць і 4 сакавіка абвесцяць, хто з іх трапляе ў праймарыз. Belsat.eu распавядае ўсё, што вядома аб працэдуры ды яе ўдзельніках, а таксама пра тых, хто яшчэ збіраецца балатавацца на прэзідэнта.
У класічным сэнсе «праймарыз» азначае ўнутрыпартыйныя выбары, падчас якіх абіраюць кандыдата ад палітычнай партыі, а далей ён змагаецца з кандыдатамі ад іншых партый на асноўных выбарах. У сусветнай практыцы гэта робіцца, каб не ўзнікала празмернай канкурэнцыі паміж палітыкамі з адной партыі, бо іхны электарат практычна аднолькавы. Гэтак, у ЗША праймарыз праходзіць унутры Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў і ў выніку абедзве выстаўляць самыя моцныя кандыдатуры дзеля фінальнага змагання за Белы дом.
У Беларусі 15 афіцыйна зарэгістраваных палітычных партыяў, 8 – падтрымліваюць дзеючы рэжым і выконваюць ролю статыстаў. Унутрыпартыйнага праймарыз – што сярод праўладных, што сярод апазіцыйных сіл – раней не праводзілася, бо самі партыі малаколькасныя і канкурэнцыя ўнутры іх зусім невысокая.
Сёлета большая частка апазіцыі вырашыла аб’яднаць намаганні, каб выставіць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух «За свабоду» вызначылі працэдуру, якая дапаможа абраць «адзінага». У яе аснову закладзеная рэйтынгавая сістэма. Максімальная колькасць балаў, якую можа набраць удзельнік – 100. Яны будуць складацца з:
Падаць заяўку ў перыяд з 3 па 16 лютага мог вылучэнец ад партыі або любы грамадзянін, які набраў 200 подпісаў у сваю падтрымку. Усе ўдзельнікі мусяць здаць па 500 еўраў на патрэбы штабу кампаніі. Даступнае для ўсіх беларусаў галасаванне на адмысловым сайце пройдзе з 4 па 30 сакавіка. Пасля пачнуцца паездкі па краіне: арганізатары заявілі пра намер наведаць каля 80 населеных пунктаў. Канчаткова кандыдат будзе абраны на Кангрэсе, які адбудзецца ў другой палове траўня.
Паводле ініцыятараў праймарыз, кандыдат мусіць выступаць за незалежнасць Беларусі і супраць дыктатуры, за дэнансацыю Саюзнай дзяржавы і выхад з АДКБ, за развіццё беларускай мовы і добрасуседскія адносіны з іншымі краінамі, а таксама за сацыяльныя і эканамічныя правы беларусаў.
За ролю «адзінага» пазмагаюцца шасцёра апазіцыянераў. Паводле рашэння сваіх партый вылучаюцца: старшыня АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Шляхам збору 200 подпісаў на праймарыз ідуць яшчэ адна прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова і экс-дэпутатка парламенту Ганна Канапацкая. Прадпрымальнік Уладзімір Усеня не паспеў набраць неабходную колькасць подпісаў.
53-гадовы Мікалай Казлоў вырас у Нясвіжы, мае вайсковую адукацыю. Удзельнічаў у баявых дзеяннях у Нагорным Карабаху ў якасці міратворца. Па вяртанні ў Беларусь уладкаваўся ў крымінальны вышук оперупаўнаважаным па асабліва важных справах. Падчас парламенцкіх выбараў у 2008 годзе зафіксаваў укід бюлетэняў на адным з участкаў, пасля чаго сышоў з праваахоўных органаў. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі – ад 2012 году, з ліпеня 2016-га быў намеснікам старшыні. З восені 2019-га узначальвае АГП, змяніўшы шматгадовага лідара партыі Анатоля Лябедзьку. Выступае супраць карупцыі, фальсіфікацыі выбараў. У выпадку нерэгістрацыі будзе заклікаць да «актыўнага байкоту».
Хрысціянскаму дэмакрату, паслядоўнаму прыхільніку кансерватыўных каштоўнасцяў Паўлу Севярынцу – 43 гады. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ, працаваў журналістам. З сярэдзіны 90-х бярэ актыўны ўдзел у вулічных акцыях апазіцыі. Сузаснавальнік «Маладога фронту» і абаронца народнага мемарыялу ў Курапатах. У 2005 годзе асуджаны на 3 гады «хіміі» – цяжкай працы на лесанарыхтоўках – за пратэст супраць балатавання Лукашэнкі на трэці тэрмін. У 2011-2013 гадах адбываў пакаранне за «Плошчу». Amnesty International двойчы прызнавала Севярынца палітвязнем. У снежні 2019 году ініцыяваў пратэсты ў Менску супраць інтэграцыі з Расеяй, за што атрымаў 45 содняў арышту. Напісаў каля дзясятку кніг.
Аляксей Янукевіч – равеснік Севярынца, эканаміст па адукацыі. Непрацяглы час працаваў выкладчыкам у Коласаўскім гуманітарным ліцэі. Чалец Партыі БНФ з 1996 году, актыўны ўдзельнік акцый пратэстаў канца 90-х. На выбарах 2006 году быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча. У 2009-ым узначаліў Партыю БНФ, змяніўшы Лявона Баршчэўскага. Прыход Янукевіча на пасаду тагачасны кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка называў «рэйдарскім захопам», скіраваным на падпарадкаванне «тым сілам, якія бачаць магчымасць супрацы з рэжымам Лукашэнкі». У 2017 годзе яго змяніў Рыгор Кастусёў, а Аляксей стаў ягоным намеснікам. Браў актыўны ўдзел у абароне Курапатаў у лютым 2017-га.
Інжынер паводле адукацыі, 41-гадовы лідар руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч – выхадзец з Партыі БНФ. Працаваў намеснікам старшыні Белазерскага гарадскога савету дэпутатаў. У 2006 годзе ўзначальваў абласны штаб Мілінкевіча ў Берасці. Тройчы балатаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў, аднак не прайшоў. У 2016 годзе абраны старшынём руху «За свабоду». Прытрымліваецца правацэнтрысцкіх поглядаў. Удзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі. Сцвярджае, што змяніць уладу ў краіне здольны нават 1 % грамадзянаў.
36-гадовая Вольга Кавалькова працуе бухгалтарам у прыватнай кампаніі. Па сканчэнні Акадэміі МУС у 2004-2008 гадах яна адпрацавала ў адміністрацыях Савецкага і Партызанскага раёнаў Менску. У 2011 годзе прыйшла ў БХД, у 2017-ым стала сустаршынёй аргкамітэту. Падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў балатавалася па Пушкінскай акрузе №103 і набрала 3,52 % галасоў. Кажа, што «гатовая да ўсяго», аднак заклікае апазіцыю «быць адказнай і думаць на крок наперад», каб не паўтарыць сцэнар 2010 году.
Яшчэ адна юрыстка, 43-гадовая Ганна Канапацкая, кіравала менскай арганізацыяй АГП, пакуль у 2016-м не стала дэпутаткай Палаты Прадстаўнікоў. Уваходзіла ў Пастаянную камісію па эканамічнай палітыцы, адказвала за кантакты з Парламенцкай асамблеяй Савету Еўропы. Удзельнічала ў распрацоўцы законапраектаў аб прыватызацыі і інвестыцыях. У лістападзе мінулага году выступіла з законапраектам аб наданні сацыяльных гарантыяў былому прэзідэнту і ягонай сям’і. Ініцыятыва выклікала крытыку, у выніку Канапацкая была выключаная з АГП. Сцвярджае, што ў выпадку нерэгістрацыі ЦВК не будзе заклікаць прыхільнікаў да вулічнага пратэсту.
Экс-палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч не ўдзельнічае ў праймарыз і мае ўласны план на сёлетнюю кампанію. Ён збіраецца падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Паводле яго разлікаў, туды павінны ўвайсці каля 4 тысяч чалавек.
Калі ЦВК не зарэгіструе Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты праз ягоную судзімасць, ягоныя паплечнікі ўтвораць 30 дробных ініцыятыўных груп у розных гарадах, каб у кожным як мінімум адзін чалавек балатаваўся. Статкевіч разлічвае, што гэтыя людзі выйдуць на пратэст з патрабаваннем празрыстых выбараў.
Кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што ягоная арганізацыя ўжо мае кандыдатуру на будучыя выбары, але інтрыгу пакуль не раскрывае. Паводле Дзмітрыева, яны будуць акцэнтаваць увагу на сацыяльнай палітыцы і «унутраных праблемах». На мінулых выбарах у 2015 годзе ад «Гавары праўду» балатавалася Таццяна Караткевіч.
Пра намер балатавацца заявіў і кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачань. 34-гадовы былы камуніст і сённяшні бізнесовец у праймарыз таксама не ўдзельнічае, а на выбары ідзе, «каб набрацца досведу» і падрыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі-2025, пісалі Naviny.by
Ад праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў кампаніі сёлета бярэ ўдзел яе кіраўнік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч. Ён пераняў эстафету ад свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча, які тройчы (на выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў) быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі. Алег працаваў у міліцыі 14 гадоў, быў начальнікам РУУС Партызанскага раёна Менску. Пасля сышоў у партыйную дзейнасць. Падтрымлівае палітыку Лукашэнкі, крытыкуе апазіцыю на дзяржаўных тэлеканалах, называе сябе прыхільнікам інтэграцыі з Расеяй.
За байкатаванне выбараў і супраць любой формы ўдзелу ў іх выступае грамадская кампанія «Свежы вецер» і КХП-БНФ.
***
Прэзідэнцкія выбары сёлета запланаваныя на 30 жніўня. Удзельнічаць у іх збіраецца і Лукашэнка – гэта будзе ягоны шосты тэрмін. Ён паабяцаў, што да таго змены ў Канстытуцыю ўносіцца не будуць. Галоўным сваім прынцыпам кіраўнік дзяржавы назваў «суверэнітэт і незалежнасць».
Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо больш за 25 гадоў. Ніводныя выбары пасля 1994 году не былі прызнаныя Захадам празрыстымі і справядлівымі. Акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі ў 2006 і 2010 гадах былі жорстка разагнаныя. На апошніх выбарах у 2015-м ЦВК налічыла Лукашэнку 83,49 % галасоў.
КА belsat.eu