Мясцовыя медыі хлусяць пра згоду гамельчукоў на будоўлю ў яблыневым садзе


У фармулёўцы «жыхары не супраць» лішняя часціца НЕ – абураюцца гомельцы, ад імя якіх мясцовыя медыі распавядаюць гараджанам, што змаганне супраць узвядзення кавярні ў зялёным куточку іхнага раёну скончанае. Супраць хлусні і за чыстае паветра паўстаў чарговы зварот.

Жыхары вуліц Яфрэмава і Фадзеева ў Гомлі намагаюцца захаваць свой яблыневы сад, на тэрыторыі якога плануецца будоўля пункту хуткага харчавання. У часе пандэміі на пратэсты не збярэшся, але бяздзейнічаць людзі не могуць. Напісалі калектыўны ліст да грамадскасці і медыяў, у якім тлумачаць сваю рэальную пазіцыю.

«Нас падштурхнула напісаць ліст няпраўда ў «Гомельскай праўдзе». Усе гэтыя маніпуляцыі з дрэвамі. Сцверджанні наконт таго, які гэта будзе цудоўны аб’ект. Мы не супраць. Але няхай будуюць у двары чыноўніка. У нас тут дыхаць няма чым. А яны жывуць у добрых, з экалагічнага пункту гледжання, раёнах. Вельмі абураюць публікацыі ў «Гомельскія ведамасці» і «Гомельская праўда». Мы кажам ім адно, а яны пішуць іншае» – распавядае жыхарка раёну Ганна Сушчынская.

Фота: Belsat.eu

Газета Гомельскага аблвыканкаму «Гомельская праўда» сцвярджае, што грамадства дала згоду на будаўніцтва кавярні. Ніводнага каментара ад прадстаўнікоў грамадскасці ў артыкуле няма.

У абарону дрэваў ад знішчэння гамельчукі абʼядналіся ў 2019 годзе, калі даведаліся, што ўлады прадалі прадпрымальніку з аўкцыёну кавалак зямлі з садам пад будаўніцтва кавярні. Падчас правядзення грамадскага абмеркавання будаўнічага праекту жыхары раёну накіравалі ў органы ўлады некалькі зваротаў супраць будаўніцтва абʼекта, сабралі пад імі больш за 200 подпісаў. Але газета Гомельскага гарвыканкаму «Гомельскія ведамасці» рапартавала, што заўвагі з грамадскага абмеркавання не маюць падставаў для ўнясення зменаў у праект.

Сёлета 9 сакавіка «Белсат» даў слова пакрыўджанаму боку ў жывым эфіры «Народнага мікрафону»

Тады каля двух дзясяткаў чалавек сабраліся ў яблыневым садзе і агучылі сваё стаўленне да будучай будоўлі. Наступнага пасля пратэстаў дня камунальнікі выкарчавалі з саду каля 20 маладых дрэўцаў.

Выкарчоўванне маладняка

У сваім лісце да грамадскасці і СМІ аўтары паведамляюць, што 1 красавіка 2020 года ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомля адбылася сустрэча ў пытанні будаўніцтва абʼекту. Ад жыхароў раёну прысутнічала 3 чалавекі. Падчас сустрэчы праектанты паказалі тым траім дапрацаваную канцэпцыю, згодна з якою ўздоўж абʼекту запланавана пасадзіць 46 туй. Таксама замоўнік гатовы пабудаваць дзіцячую пляцоўку.

«Праект дапрацаваны ў пытанні азелянення, 46 туяў – гэта лепш, чым нічога. Але, ён [абʼект. – Belsat.eu] нам тут не патрэбны. Мы пішам гэты зварот, каб улады ведалі, што меркаванне дваіх ці траіх чалавек – гэта не меркаванне народа. Мы патрабуем адмяніць рашэнне грамадскага абмеркавання, якое прайшло з парушэннем закону, вярнуць ІП В. Волкаву ўнесеныя iм грашовыя сродкі за гэты ўчастак і прадставіць яму іншы зямельны ўчастак пад ягоны абʼект» – гаворыцца ў лісце.

Аўтары ліста да сёння яны не атрымалі адказу, хто з чыноўнікаў вырашыў выставіць гэты ўчастак на продаж. Даводзяць, што чыноўнікі мусілі правесці маніторынг грамадскага меркавання да таго як выстаўляць зямлю за продаж.

«Выканаўчыя камітэты абавязаныя ўлічваць і абараняць інтарэсы большасці грамадзянаў, а не прыбыткі аднаго чалавека. Такою палітыкай яны падрываюць давер людзей да ўлады (на розных узроўнях). За каго нам галасаваць? За прадажных чыноўнікаў?» – абураюцца аўтары ліста.

Газета Гомельскага аблвыканкаму «Гомельская праўда» сцвярджае, што грамадства дала згоду на будаўніцтва кавярні. Ніводнага каментара ад прадстаўнікоў грамадскасці ў артыкуле няма

 

Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму не бачаць праблем у будаўніцтве кавярні на месцы яблыневага саду. Усё законна – паведаміла ў каментары «Белсату» галоўны спецыяліст установы Кацярына Таўтын:

Пратэст мясцовых жыхароў у яблыневым садзе 9 сакавіка

«У адпаведнасці з Указам № 667 зямельныя ўчасткі вылучаюцца праз аўкцыённыя гандляванні. КУП «Архітэктурна-планіровачнае бюро» распрацаваны горадабудаўнічы пашпарт пад размяшчэнне гэтага аб’екту на гэтай тэрыторыі. Зямельны ўчастак набыты з аўкцыённых гандляванняў.

Дзе напісана ў заканадаўстве, што калі жыхары не хочуць, то не размесцяць, калі генплан дазваляе? Дзе напісана такое чорным па беламу? Я бачыла пратакол апошняй нарады ў гэтым пытанні, дык нібыта ўжо дамовіліся [з жыхарамі. – Belsat.eu]. Генплан паказаў праектоўнік. Паказаў, што палова дрэваў там аварыйныя.

У самым кутку ў чырвоных лініях забудовы ўздоўж Яфрэмава будзе гэты аб’ект. Гэта будзе добраўпарадкаванне, туі высадзяць. Чым кепска? Зробяць дзіцячую пляцоўку. Адміністрацыя абярэ пляцоўку, дзе яна будзе», – спрабавла паставіць кропку Кацярына Таўтын.

Фота: Belsat.eu

Калі аварыйныя дрэвы там і ёсць, то карчаваць пачалі з маладых. А калі меркаванне жыхароў – не ўплывае на прыняцце рашэння, на што ўвогуле арганізоўваць грамадскія слуханні?

МГ Belsat.eu

Стужка навінаў