У Гомелі мясцовыя жыхары пратэставалі супраць вырубкі яблыневага саду


У Гомелі мясцовыя жыхары з вуліц Яфрэмава і Фадзеева б’юць у набат: тамтэйшы яблыневы сад хочуць высекчы прынамсі часткова ды збудаваць на яго месцы рэстарацыю хуткага харчавання. Гэтую тэму «Белсат» асвятляў напрыканцы мінулага года, тады як раз адбываліся грамадскія абмеркаванні праекту. Аднак зусім нядаўна гамельчукі даведаліся, што ўлады рэстарацыю ўсё-ткі пабудуюць: маўляў, у часе абмеркавання сур’ёзных заўвагаў не было. Абураныя грамадзяне звярнуліся да «Белсату». На месца з «Народным мікрафонам» выехала нашая калега Галіна Абакунчык, якая ўжо з намі на відэасувязі з Гомлю.

«Мы супраць катэгарычна вырубкі нашых яблынь. Справа ў тым, што на прэзентацыі, якая была 4 снежня 2019 года, нам абвясцілі, што тут будзе пабудавана стаянка на 25 машын. То бок, усе яблыні цалкам пад корань высякаюцца. Гэта 70 дрэў», – кажа жанчына.

На пратэсце сабралася каля 20 чалавек. Адзін з мужчын, падзяліўся сваёй гісторыяй: чаму яму дарагі гэты сад і чаму ён супраць яго вырубкі:

«Для мяне гэты сад дарагі, таму што гэты сад садзіла ў 1946 годзе мая бабуля. Тут і я вырас, і дзеці мае».

Жыхары просяць дапамогі ў кіраўніка краіны. Яны хочуць, каб Лукашэнка адмяніў рашэнне мясцовых уладаў.

belsat.eu