Мядзведзеў і Румас распавялі пра вынікі перамоваў па ўзгадненні дарожных мапаў


Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў распавёў, што частка дарожных мапаў па паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі ўжо ўзгодненая. Але некаторыя патрабуюць разгляду менавіта кіраўнікоў краінаў, паведамляе прэсавая служба ўраду Расеі.

Дзмітрый Мядзведзеў распавёў, што падчас сустрэчы з сваім беларускім калегам Сяргеем Румасам разглядалася 31 дарожная мапа паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Мы не пра ўсё дамовіліся, ёсць вельмі складаныя тэмы. Відавочна, што тэма энергетыкі, напрыклад, складаная. У кожнага ёсць свае ўяўленні пра тое, якім чынам весці супрацу», – адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў.

На думку прэмʼер-міністра Расеі рознагалоссі ў некаторых момантах маюць тэхнічны характар, а вось іншыя магчыма ўрэгуляваць толькі ў фармаце абмеркавання паміж двума кіраўнікамі дзяржаваў.

«Нешта падрабязней з гэтай нагоды я цяпер казаць не буду, хоць разумею, што гэта ўсім цікава. Гэта ўсё ж такі перамоўны працэс, пазіцыі літаральна кожны дзень збліжаюцца», – сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў пасля перамоваў.
Фота: government.ru

У сваю чаргу прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас, які яшчэ напачатку перамоваў зявіў, што далейшая інтэграцыя Беларусі ды Расеі магчымая толькі разам з развязаннем найвастрэйшых пытанняў двухбаковай беларуска-расейскай эканамічнай супрацы, пасля сустрэчы распавёў, што вынікі інтэграцыі Расеі і Беларусі ўжо відавочныя.

«У абноўленай саюзнай мадэлі павінна прасочвацца арыентаванасць інтэграцыйных працэсаў на рашэнне практычных задач, у першую чаргу ў эканамічнай сферы», – сказаў Сяргей Румас.

Раней Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не будзе падпісваць дакументы аб паглыбленні інтэграцыі з Расеяй, калі яны будзе супярэчыць беларускай Канстытуцыі.

«Што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. Як вынік, мы ўвесь час у эканоміцы нешта губляем і губляем. Выбачайце, на халеру патрэбны каму такі саюз?», – абураўся кіраўнік Беларусі падчас галасавання на выбарчым участку 17 лістапада.

Аб’ектыў
Усе новыя дадзеныя пра інтэграцыю з Расеяй
2019.09.16 22:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў