Аб'ектыў 16.09.2019 Усе новыя дадзеныя пра інтэграцыю з Расеяй


Інтэграцыя глыбейшая, чымся паміж краінамі Еўразвязу. Прэм’еры абедзвюх краінаў парафавалі праграму эканамічнай інтэграцыі і не паведамілі жыхарам ні пра падпісанне, ні пра змест дакументу. І толькі праз 10 дзён беларусы даведаліся пра гэта з расейскага выдання «Коммерсантъ».

Таемныя перамовы наконт інтэграцыі нашае краіны з Расеяй вядуцца ўжо больш як восем месяцаў, але дасюль шырокай грамадскасці былі невядомыя іх вынікі. Аж да сёння, калі расейскае выданне «Коммерсантъ», спасылаючыся на свае крыніцы ў расейскім урадзе, сваймі словамі пераказала пастулаты праекту, які ўжо падпісалі прэм’ер Сяргей Румас і ягоны расейскі калега Дзмітрый Мядзведзеў.

Праграма разлічаная на паўтара года. З дакладных пунктаў абазначана, што Беларусь і Расея да 1 красавіка 2021-га прымуць адзіны Падатковы кодэкс Саюзнае дзяржавы, у тым жа годзе, верагодна, і адзіны Грамадзянскі кодэкс. Таксама Беларусь і Расея будуць мець адзіную мытную палітыку, супольныя мытныя рэйды, агульную інфармсістэму і, магчыма, нават адзіную мытню.

У артыкуле «Коммерсанта» няма гаворкі пра ўвядзенне адзінай валюты і агульнага бюджэту. Тым не менш, ёсць дамоўленасць пра агульны банкаўскі нагляд, адзіную сістэму плацяжоў, валютавы кантроль і гэтак званыя супольныя контрсанкцыі, накіраваныя супраць іншых краінаў. Напрыклад, забарона ўвозу заходніх тавараў.

Да таго ж да 2021 года будзе агульны доступ да дзяржзакупаў і агульная сістэма ўліку ўласнасці. Чакаецца глыбокая інтэграцыя ў энергетычнай сферы. У Беларусі ды Расеі будуць агульныя нормы рэгулявання паліўна-энергетычнага комплексу, прамысловай палітыкі, аграрынкаў, гандлю, транспарту, сувязі, антыманапольнае палітыкі. Ёсць дамоўленасць пра ўзгодненую палітыку на рынку працы і сферы сацыяльнай абароны з 2022 года, але без канкрэтыкі. З канкрэтыкі ж адмена роўмінгу з 1 чэрвеня 2020-га.

Праграма дзеянняў не датычыць такіх сфераў, як абарона, дзяржбяспека, суд, МУС, адукацыя, ахова здароўя. Не ўзгадваюць у артыкуле і пра выканаўчыя органы гэтак званае Саюзнае дзяржавы. Але бакі дамовіліся, што будуць абмяркоўваць іншыя палажэнні ў будучыні.

Разам з тым газета гаворыць пра фактычнае стварэнне канфедэрацыі Беларусі і Расеі да 2022 года. Бо эканамічная інтэграцыя будзе мацнейшая, чым паміж краінамі Еўразвязу.

Газета зазначае, што эканоміка Беларусі ў 29 разоў меншая за расейскую, а таму гаворка ідзе пра фактычнае эканамічнае паглынанне нашае краіны.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары