«Мы – яростный студотряд». Як Дзмітрый Калдун «будаваў» АЭС


На просьбу “байцоў” студатрадаў Дзіма Калдун дапамог ім пабудаваць “Атам”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На 550-годдзе Астраўца валанцёры студатрадаў зладзілі інтэрактыўную пляцоўку «Атам», дзе праз гульні і квэсты інфармавалі мясцовых жыхароў аб атамнай энергетыцы і прамысловасці.

Запуск 1-га энергаблоку БелАЭС запланаваны ўжо на наступны год, а цалкам яе ўвядуць у эксплуатацыю ў 2020-м. Гэты сумесны расейска-беларускі праект неаднаразова выклікаў негатыўныя ацэнкі ў Еўразвязе праз сваю патэнцыйную экалагічную небяспеку. Асабліва занепакоеныя сітуацыяй бліжэйшыя заходнія суседзі Беларусі – Літва і Польшча.

Падчас будаўніцтва станцыі здараліся інцыдэнты. Раней было афіцыйна прызнана 10 няшчасных выпадкаў, тры з якіх скончыліся смерцю рабочых.

Цягам выходных горад «гудзеў». Як паведаміла загадчыца сектару культуры Астравецкага райвыканкаму Наталля Сенюць, па ўсім горадзе было ўладкавана 15 забаўляльных пляцовак, дзе праходзілі канцэрты, гульні ды кірмашы. Адну з пляцовак арганізавалі валанцёры з Беларусі і Расеі, былыя «байцы» студатрадаў, якія працавалі на АЭС сёлета. Моладзь толькі-толькі скончыла двухмесячную працу і на заканчэнне ладзіла пляцоўку «Атам», дзе цягам дня праходзілі гульні і квэсты, якія мелі на мэце інфармаваць насельніцтва аб атамнай энергетыцы і прамысловасці.

Святкавання 550-годдзя Астраўца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Паколькі ў Астравецкім раёне будуецца АЭС, святкаванне дня гораду без актыўнага ўдзелу менавіта атамнай тэматыкі, было б канешне не поўным і не правільным. Мы вельмі рады, што на сённяшнім мерапрыемстве нашыя партнёры актыўна паказваюць насельніцтву, што атамная энергетыка – гэта здорава. Тое, што мы робім, – гэта нашая будучыня. Была распрацавана канцэпцыя – зялёны квадрат, куды ўваходзяць чатыры зоны: сонца, вада, паветра і атам. У кожнай зоне нашыя партнёры стараліся іх напоўніць нечым незвычайным і цікавым. Каб, непасрэдна ў форме гульні можна было распавесці, прапагандаваць, паінфарміраваць насельніцтва», – кажа Наталья Сенюць.

Святкавання 550-годдзя Астраўца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
“Байцы” студатрадаў спяваюць песні вакол “гіганцкага Атама”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Байцы» вяртаюцца з цаліны

Як аказалася, на Астравецкай атамнай АЭС у гэтым годзе працавала 290 студэнтаў. У першую чаргу – гэта члены БРСМ. Таксама 42 асобы прыехалі з трох навучальных з устаноў Расеі – Маскоўскі энергетычны інстытут, Калужскі тэхнічны ўніверсітэт ды Ніжненоўгарадскі палітэх. Працаваць на «усебеларускую моладзевую будову» расейскія студэнты прыязджаюць ужо шосты год. Жывуць у інтэрнатах разам з іншымі працоўнымі стараюцца перавыканаць норму, а таксама заваяваць званне лепшага атраду. Як распавядае, прадстаўніца Цэнтральнага штабу расейскіх студатрадаў, Марыя, уражанні ад вялікай будоўлі ў «байцоў» фантастычныя.

“Байцы” студатрадаў спяваюць песні вакол “гіганцкага Атама”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Студатрады з Расеі і Беларусі знаёмяць дзяцей і дарослых з атамнай энэргетыкай і прамысловасцю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Студатрады з Расеі і Беларусі знаёмяць дзяцей і дарослых з атамнай энэргетыкай і прамысловасцю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Вы ўяўляеце сабе, як гэта здорава, што ёсць магчымасць паехаць у іншую краіну будаваць атамную электрастанцыю. Для тых, хто круціцца ў гэтым асяроддзі, хто вучыцца на будаўнікоў, на атамшчыкаў, ядзершчыкаў, тых, хто непасрэдна далей у жыцці будзе з гэтым сутыкацца, у студэнцкія гады паспрабаваць сябе на такой працы – гэта вельмі прэстыжна. Гэта вельмі добрая стартавая пляцоўка для студэнтаў, каб у будучыні знайсці добрую працу», – кажа Марыя.

Студатрады з Расеі і Беларусі знаёмяць дзяцей і дарослых з атамнай энэргетыкай і прамысловасцю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паводле яе, дагэтуль вельмі моцна сярод студатрадаў захаваліся былыя традыцыі яшчэ з савецкіх часоў. Студэнты называюць сябе «байцамі», а едучы на такую працу, кажуць, што едуць «на цаліну». Сам перыяд працы называецца афіцыйна «цаліна» або «працоўны семестр». Кожны баец мае адмысловую куртку, якая называецца «байцоўка» або «цалінка». Кожны баец атрымлівае заробак, не меншы за пражыткавы мінімум.

На просьбу “байцоў” студатрадаў Дзіма Калдун дапамог ім пабудаваць “Атам”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Я на жаль не зусім валодаю эквівалентам расейскі рубель – беларускі рубель. Але, калі мы кажам пра расейскі рубель, то там зарплата вышэй, чым, напрыклад, сярэдняя па рэгіёне. Студэнты прыязджаюць зарабіць грошы на будоўлю. Для іх забяспечваецца ежа, праезд і пражыванне. Таму грошай асабліва яны не трацяць. І вяртаючыся да хаты, яны могуць аплаціць сабе вучобу. Нехта машыну купляе, нехта пакідае на свае студэнцкія патрэбы. Наколькі я ведаю тут на будоўлі стаўка для ўсіх аднолькавая, і для беларусаў, і для расейцаў», – кажа Марыя.

Калдун у абдымках «разʼюшанага студатраду»

Адной з разынак мерапрыемтва ў забаўляльнай зоне «Атам» мелася стаць сумесная з наведнікамі свята пабудова градзірняў. Градзірню студатрадаўцы пабудавалі самыя з драўляных дошак, якія мала чым нагадвалі велічэзныя пабудовы Астравецкай АЭС. Затое «вішанькай на торце» стаў Дзмітрый Калдун, які далучыўся да «вялікай будовы» і пад пільныя аб’ектывы камер і фотаапаратаў пэндзлікам пафарбаваў адну з пабудаваных канструкцый, імітуючы дапамогу студатрадаўцам.

Святкавання 550-годдзя Астраўца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

– За дапамогу байцы студатрадаў дораць Вам, нашую байцоўскую куртку!

– Байцы? – перапытаўся здзіўлена спявак, але куртку студатраду БРСМ апрануў.

– Мы Вашыя песні ведаем, а Вы нашыя?

Дзмітрый Калдун шчыра прызнаў, што не ведае і пагадзіўся павучыцца. Байцы паведамілі, што кожны вечар пасля цяжкай працы становяцца ў кола і абдымаючыся спяваюць песні студатрадаў. Абняўшыся з Калдуном, студэнты пад гітару пачалі зацягваць «Радосный строй гитар, яростный стройотряд! Словно степной пожар, песен костры горят».

Падзякаваўшы студэнтам, Дзмітрый Калдун падышоў да журналістаў: «Гэта вялікі дзень для Астраўца. З гэтым горадам мяне звязвае мінулае. Я не аднойчы тут выступаў і многія тут мяне ведаюць. Помню, нават быў на экскурсіі, мы наведвалі фундамент Астравецкай АЭС і я тады ўжо быў уражаны, наколькі гэта аграмадная задума ў межах Беларусі. Вельмі здорава, што ў нас паявіцца такая станцыя. І горад таксама змяняецца, бо прыязджаюць людзі. Але пры гэтым квітнее і застаецца зялёным, не зважаючы на індустрыяльную будучыню, якая яго чакае».

Святкавання 550-годдзя Астраўца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

А горад сапраўды павялічваецца. Да свайго 550-годдзя Астравец атрымаў у падарунак Пажарную аварыйна-ратаўнічую частку №3, а таксама Фізкультурна-аздараўляльны цэнтр.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў