Павел Латушка – пра ролю Каардынацыйнай рады і магчымасць перамоваў з уладамі


Павел Латушка
Павел Латушка перад допытам у СК па справе аб стварэнні Каардынацыйнай рады. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

У мінулым – міністр культуры, дыпламат, дырэктар Купалаўскага тэатру, сёння – чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады, якая працуе над варыянтамі мірнага транзіту ўлады. Павел Латушка ў інтэрв’ю belsat.eu патлумачыў, чаму рада не займаецца арганізацыяй пратэстаў, ці верагоднае сілавое ўмяшанне з боку Расеі ў беларускі палітычны крызіс, а таксама распавёў, як за ім сочаць сілавікі.

«Рада не мае функцыі выканаўчай улады»

– Некаторыя крытыкуюць Каардынацыйную раду (КР) за тое, што яна адмежавалася ад каардынацыі вулічных пратэстаў. Чаму вы абралі такую мадэль паводзінаў і ці можа яна ў пэўны момант змяніцца?

– Па-першае, я хацеў бы запытаць: а хто каардынатар пратэстаў на сёння? Ці наагул існуе такая палітычная сіла? Па-другое, мы ўсе жывём у рэальнасці сённяшняга дня. Калі гэтыя крытыкі ўключаць канал «Беларусь 1», яны пабачаць, як 15 секунд на экране вісіць абвестка аб адказнасці за арганізацыю масавых мерапрыемстваў – да 15 гадоў пазбаўлення волі. Так што калі хтосьці гатовы выступіць ініцыятарам і каардынатарам, ён павінен усведамляць гэта. Мы ўсё ж у радзе лічым, што павінны дзейнічаць у рамках заканадаўства. Так, на жаль, гэты спосаб камусьці можа ўяўляцца неэфектыўным, але ён цяпер адзіны законны і магчымы.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. На той момант дырэктар тэатру Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

– Ці вы не думаеце, што такім чынам рада аслабляе свае пазіцыі? Калі ўлады раптам пойдуць на перамовы, яны будуць іх весці з тым, за кім стаіць вуліца.

– Кожны з нас як грамадзянін Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй мае права выказваць свае думкі. Мы разумеем, што ёсць перашкоды, каб зрэалізаваць гэтае канстытуцыйнае права. Адзіным слушным спосабам зменаў мы лічым дзеянні ў рамках права, і ўсе нашыя прапановы на гэта скіраваныя. Іншага не дадзена. Бо атрымаць сёння згоду ўлады на правядзенне легальнай акцыі немагчыма. Мне вядома, што шэраг арганізацыяў рабілі спробы атрымаць дазвол, выходзілі на кантакт з адпаведнымі структурамі, але станоўчага адказу не было. Таму ў грамадзянаў застаецца адзінае права – карыстацца наўпрост нормамі Канстытуцыі. Арганізатарам жа падобных мерапрыемстваў, на жаль, ніхто выступіць не можа.

Павел Латушка
Павел Латушка накіроўваецца на допыт у Следчы камітэт па крымінальнай справе аб стварэнні Каардынацыйнай рады па перадачы ўлады. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

Я хачу падкрэсліць, што рада – не інстытут, які мае рэальныя выканаўчыя функцыі ўлады і мог бы свае рашэнні наўпрост праектаваць на падзеі ў грамадстве. Мы акумулюем патрабаванні, якія ёсць у грамадстве, і перадаём іх канцэнтравана прадстаўнікам улады. Чакаць, што рада будзе прымаць алгарытм дзеянняў, які заўтра прывядзе да зменаў, – гэта нерэалістычна падыход. Той, хто лічыць, што рада мае такія інструменты, памыляецца. Але гэта не значыць, што мы не павінны прапаноўваць сваіх падыходаў. У найбліжэйшым часе мы плануем правесці паседжанне рады ў пашыраным складзе і крэатыўны мазгавы штурм: вырашым, што можна зрабіць, каб патрабаванні людзей на вуліцах былі выкананыя.

– А ці наагул магчымыя перамовы з уладамі?

– Яны ж могуць мець розны характар. Сесці за стол і праводзіць перамовы, дасягаць кампрамісу было б ідэальна. Мы зацікаўленыя ў тым, каб перамовы вяліся менавіта на баку большасці грамадзянаў, якія галасавалі, але іхны голас не быў улічаны, якія выходзяць на акцыі пратэсту, якія падвяргаліся збіццю, затрыманням, арыштам… Але могуць быць розныя формы перамоваў. Магчыма, я скажу завуалявана, але такія перамовы ўжо ідуць. З боку ўлады чуваць, што рыхтуюцца змены ў Канстытуцыю. Будзем рэалістамі: мы не ведаем зместу гэтых зменаў, тым не менш такая праца вядзецца. Акрамя таго, была створаная міжведамасная камісія, якая павінна расследаваць усе справы, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека: гэта ўжо крок. Натуральна, улада кажа, што ніколі не будзе падпарадкоўвацца вуліцы. Калі акцыі будуць працягвацца, то з боку ўлады можа быць больш крокаў насустрач людзям, што б яна ні казала.

– Вы – адзіны ў прэзідыуме КР былы чалавек з сістэмы. Вам паступалі апошнім часам нейкія сігналы з наменклатурных колаў?

– Усё больш і больш чыноўнікаў, якія займалі пасады, не гатовыя мірыцца з тым, што адбываецца ў дзяржаве. Толькі за апошні тыдзень было некалькі такіх выпадкаў. Хацелася б, каб іх было болей, але мы павінны разумець, чаму дзяржаўны апарат масава не падтрымлівае нас: людзі запалоханыя і не гатовыя рабіць крокі, каб быць разам з грамадствам… Таму я хацеў бы ўстрымацца ад адказу, ці была спроба кантакту. Калі называць канкрэтныя прозвішчы ды пасады або нават проста ўстановы, гэта знівелюе саму магчымасць перамоўнага працэсу.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

«Сілавое ўмяшанне не адпавядае інтарэсам Расеі»

– Рада заяўляла пра недапушчальнасць расейскага ўмяшання. На вашую думку, ці магчымы сілавы сцэнар такога ўмяшання і як вы будзеце дзеяць у такім разе?

– Я захоўваю свой падыход з пункту гледжання дыпламатычнага досведу: гэта не адпавядае эканамічным інтарэсам Расеі. Яна не ў стане ажыццявіць гэтага, наступствы будуць мець негатыўны эфект у першую чаргу на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Расеі. Не адпавядае сілавы сцэнар і расейскім геапалітычным інтарэсам, бо страты ад падобных дзеянняў будуць даволі вялікія. Казаць пра рэальнасць такога развіцця падзеяў не выпадае. Але, як мы ведаем, у палітыцы няма нічога немагчымага.

– Вядома, што сёння Пуцін падтрымлівае Лукашэнку, прызнае яго легітымным прэзідэнтам. Калі пазіцыя Крамля раптам зменіцца і вам прапануюць перамовы, на якіх умовах вы пагодзіцеся весці дыялог?

– Цяпер пытанне гэтак не стаіць, яно павінна быць вырашанае ўнутры Беларусі, без вонкавага чынніку. І калі другі бок казаў, што хтосьці спрабуе ўмяшацца, а сёння запрашае, каб адзін з суседзяў уваходзіў у нашыя працэсы, нам такі падыход не пасуе.

– Як выглядае супраца рады са Святланаю Ціханоўскай?

– Я ад свайго імя магу сказаць, што не падтрымліваю з ёю кантактаў. Я асабіста не знаёмы з ёю, ніколі нават не даводзілася размаўляць. Ніякія заявы і прапановы Ціханоўскай на радзе таксама не абмяркоўваліся.

«Мы з «наружкаю» можам прывітаць адно аднаго»

– На гэтым тыдні была інфармацыя, што за вамі вядзецца назіранне, вас пільнуе «наружка».

– Яна і цяпер ля майго дому! Яны тут ужо некалькі дзён запар, фактычна 24 гадзіны на дзень. З вакна майго дому можна пабачыць аўтамабіль. Яны проста пастаянна суправаджаюць мяне, нават калі я проста хачу прайсціся па вуліцы. Там чатыры чалавекі, якія перыядычна змяняюцца.

Жаночы пратэст
Фота: ТК / Belsat.eu

Калі я выклікаю таксі, гэты аўтамабіль едзе за мной. Мы нават можам прывітацца з маёй ініцыятывы, яны мне могуць паміргаць фарамі. Чаму не? Мы мусім быць культурнымі людзьмі, наколькі магчыма ў гэтай сітуацыі.

– На што могуць пайсці ўлады ў дачыненні вас? Ці вы маральна гатовыя да арышту?

– Думаю, ступень маральнай гатоўнасці заўжды адносная. Немагчыма быць на сто адсоткаў гатовым. Вядома, кожны чалавек перажывае і не хоча трапіць у такую сітуацыю, але тое, што гэта магчыма, я цалкам усведамляю.

Размаўляла Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў