МНС цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу


На даручэнне кіраўніка дзяржавы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу, гаворыцца на сайце ведамства.

Пры гэтым МНС гатовая аказваць падтрымку, кансультатыўную дапамогу кіраўнікам абʼектаў.

«Пад кантролем ведамства, вядома, застаюцца выбухапажаранебяспечныя прадпрыемствы, месцы з масавым перабываннем людзей – шпіталі, інтэрнаты, школы, дзіцячыя сады. Як і раней міністэрства будзе рэагаваць на звароты грамадзянаў аб парушэннях у дадзенай сферы», – адзначаецца ў паведамленні.

Асноўныя высілкі інспектараў МНС будуць сканцэнтраваныя на тлумачэннях, працы ў калектывах, аказанні метадычнай дапамогі кіраўнікам прадпрыемствам, правядзенні акцыяў, сустрэч з насельніцтвам і гэтак далей.

У міністэрстве падкрэслілі, што за апошнія некалькі гадоў скарочаныя ці аптымізаваныя больш за палову ад агульнай колькасці тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

«Абстаноўка, якая складваецца, сведчыць пра тое, што сітуацыя з пажарамі ў краіне паляпшаецца. Пазітыўныя змены разам з перааснашчэннем нашых падраздзяленняў (напрыклад, аўтацыстэрнамі цяжкага класу з вялікім запасам вады) дазваляюць прыняць больш радыкальныя меры па лібералізацыі», – напісана ў афіцыйным паведамленні.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў