Міністр замежных справаў Латвіі: Настаў час падпісаць дамову Беларусі з НАТО

ВІДЭА

Настаў час падпісаць дамову Беларусі з НАТО. Паміж Менскам і Рыгай, апошнія два-тры гады, развіваюцца добрыя дачыненні паміж міністэрствамі абароны. Гэта патрэбна дзеля таго, каб пазбегнуць інцыдэнтаў падчас шматлікіх вайсковых вучэнняў, якія адбываюцца на тэрыторыі нашай краіны і яе суседзяў. Так лічыць міністр замежных справаў Латвіі. Ці Беларусь магла б удзельнічаць у вучэннях НАТО? Якія тэмы плануюць закрануць падчас магчымага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу? Сяргей Пеляса запісаў інтэрв’ю з кіраўніком латвійскай дыпламатыі Эдгарсам Рынкевічсам у брусельскай штаб-кватэры НАТО.

У сувязі з перспектываю магчымага візіту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію як бы вы ацанілі адносіны з Беларуссю ў сферы бяспекі? Беларусь – гэта надзейны партнёр? Ці, можа, нейкая патэнцыйная пагроза адчуваецца з тэрыторыі Беларусі?

Па-першае, мы, вядома, разумеем, што ў Беларусі з Расеяй вельмі цесныя ўзаемаадносіны ў вайсковай сферы. Мы разумеем, што рашэнне Беларусі калісьці стаць на шлях больш цеснай інтэграцыі з Расеяй у вайсковай сферы – гэта факт. Разам з тым у нас ужо дзесьці 2–3 гады развіваюцца нармальныя, добрыя адносіны паміж Міністэрствамі абароны і Латвіі, і Беларусі. Мы абменьваемся інфармацыяй, спрабуем наладзіць такі механізм супрацы, дзе абмен інфармацыяй спрыяе некатораму даверу. Ведаючы, што і ў нас шмат натаўскіх вайсковых вучэнняў, і ў Расеі, і ў Беларусі шмат іхных вучэнняў, такія захады проста патрэбныя, каб пазбегнуць нейкіх інцыдэнтаў, якія могуць толькі пашкодзіць і нам, і нашым суседзям.

Страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць

Па-другое, мы лічым, што гэта суверэннае рашэнне Беларусі, як развіваць сваю дзяржаўнасць, як развіваць сваю абаронную палітыку, палітыку бяспекі. Разам з тым, я думаю, што настаў час падпісаць дамову, якая ў НАТО існуе са шмат якімі іншымі дзяржавамі, якія не чальцы НАТО ў сферы абмену інфармацыяй. Я думаю, што гэта магчыма. Гэта, вядома, трэба развязаць на ўзроўні ўсіх дзяржаў-сябраў НАТО. Але калі я быў у ліпені ў Менску, калі мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні супрацы паміж Еўразвязам і Беларуссю, а таксама НАТО і Беларуссю, мы казалі аб паглыбленні супрацы.

Гэта не значыць, што Беларусь уступае ў НАТО, абсалютна не. Такая дамова ў НАТО ёсць і з Расейскаю Федэрацыяй.

Але гэта ўсё ж дае больш добрую гарантыю таго, што нейкія праблемы могуць развязацца дыпламатычным шляхам, а не эскалацыяй. Так што я думаю, што гэта магчыма. Я б хацеў спадзявацца, што мы зможам дасягнуць дамоўленасці тут у НАТО, а таксама з нашымі суседзямі з Беларусі.

Як Латвія зможа купляць электрычнасць з БелАЭС?

Наколькі мне стала вядома тут у кулуарах ад афіцыйных прадстаўнікоў НАТО, Беларусь зацікаўленая ў тым, каб пашырыць сваю праграму супрацы, гэтак званую ІППС, праграму супрацы і партнёрства з НАТО. Вядома, яна будзе сціплая ў параўнанні з іншымі краінамі, але, тым не менш, Беларусь гатовая зрабіць крок наперад. Вы можаце сабе ўявіць, што ў будучыні Беларусь магла б, хай нават у нейкай сціплай сферы, браць удзел у нейкіх дзеяннях НАТО: можа быць, у спольных вучэннях аб антыкрызісных дзеяннях або нейкіх медычных ратаваннях і гэтак далей?

Я думаю, што ў сферы грамадзянскай абароны, у сферы, як вы ўжо сказалі, вучэнняў медыкаў або вучэнняў для ліквідацыі наступстваў нейкіх катастрофаў – гэта магчыма. Але гэта рашэнне не толькі НАТО, гэта рашэнне самой Беларусі. Калі краіна зацікаўленая, то я магу сказаць, што Латвія будзе падтрымліваць пашырэнне такой супрацы. Але ініцыятыва мусіць быць пададзеная Менскам, бо мы не хочам стварыць нейкае ўражанне, што мы зараз будзем уцягваць Беларусь у НАТО або ў Еўразвяз. Гэта суверэннае рашэнне самой дзяржавы, як шмат, як інтэнсіўна супрацоўнічаць з тою ці іншаю арганізацыяй. Але ў прынцыпе я б хацеў сказаць, што мы адкрытыя да новых ідэяў, да новых праектаў, якія таксама могуць паспрыяць супрацы паміж нашаю краінай і Беларуссю, паміж НАТО і Беларуссю. Я думаю, што гэта магчыма, але гэтае рашэнне шмат у чым залежыць ад Менску.

Міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевічс: Візіт Лукашэнкі зможа палепшыць стасункі з ЕЗ

Спадар міністр, у балтыйскіх дзяржавах і Польшчы размяшчаюцца памежныя міжнародныя сілы НАТО: усяго каля трох тысячаў, у тым ліку ў Латвіі таксама ёсць такі батальён. У Літве ж з’явіўся батальён ЗША ў межах двухбаковай супрацы. Ці ёсць зацікаўленасць, неабходнасць у афіцыйнай Рыгі, каб на тэрыторыі Латвіі з’явіўся гэткі батальён ЗША і тым самым павялічыў абараназдольнасць Латвіі як саюзніка ЗША і саюзніка ў НАТО?

Я б усё ж хацеў паправіць вас. Гэта не двухбаковае пагадненне паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Літвой. Гэта ў прынцыпе больш вялізны праект, дзе Злучаныя Штаты ўдзельнічалі ў вучэннях у Латвіі, зараз будуць удзельнічаць у вучэннях у Літве. У нас, дарэчы, таксама быў батальён. Калі не батальён, то даволі шмат вайскоўцаў Злучаных Штатаў дзесьці два гады таму. Гэтыя вучэнні праходзяць на аснове ратацыі сілаў, таксама і ЗША. Так што тут я б хацеў удакладніць, што гэта не двухбаковая супраца. Гэта больш рэгіянальныя праекты, дзе мы бярэм удзел разам са Злучанымі Штатамі. І, вядома, амерыканскія жаўнеры таксама былі ў Эстоніі, часам з’яўляюцца ў Латвіі. І так, мы зацікаўленыя, каб такога роду супраца працягвалася на аснове ратацыі, каб нашы амерыканскія саюзнікі бывалі і ў Эстоніі, і ў Латвіі, і ў Літве, і ў Польшчы, прапрацоўвалі разам з нашымі вайскоўцамі ўзаемную супрацу, наладжвалі кантакты. Так што так, мы ў прынцыпе цалкам падтрымліваем такую супрацу.

Камандзір базы ЗША каля Беларусі: Гэта місія адпужвання

Дазвольце задаць апошняе пытанне кароткае. Аляксандр Лукашэнка хутчэй за ўсё наведае Латвію на запрашэнне афіцыйнай Рыгі. Якое самае галоўнае пытанне для Латвіі будзе ўзнятае падчас візіту?

Усё, што мы з вамі сёння абмяркоўвалі, будзе на парадку дня: гэта і палітычныя адносіны паміж Латвіяй і Беларуссю, і паміж Еўразвязам і Беларуссю. Таксама я думаю, калі будзе зацікаўленасць беларускага боку, то будзем абмяркоўваць таксама тыя пытанні супрацы паміж Беларуссю і НАТО. Гэта зноў пытанне не да нас, а больш да нашых беларускіх калегаў. Другое – гэта, вядома, эканамічная супраца. Трэцяе, не будзем забываць, што ў 2021 годзе і Рыга, і Менск – арганізатары сусветнага чэмпіянату па хакеі. У нас даволі шмат практычных пытанняў. Вядома, не ўсе трэба развязваць на ўзроўні прэзідэнтаў, але я думаю, гэтая тэма таксама будзе закранацца.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 29.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Глядзі таксама
Каментары