Як Латвія зможа купляць электрычнасць з БелАЭС?

ВІДЭА



Лукашэнка збіраецца ў Латвію. Менск і Рыгу яднае шмат бізнес-праектаў, найбуйнейшы з якіх – транзіт угнаенняў і нафтапрадуктаў. Латвія таксама зацікаўленая ў электрычнасці з Беларускай АЭС, што не падабаецца яе суседцы, Літве. Кіраўнік Латвійскага інстытуту міжнародных справаў Андрыс Спрудс запэўнівае: набываць энергію будуць толькі ў выпадку, калі ў Еўразвязе скажуць, што Астравецкая станцыя – бяспечная.

Віцебск – гэта брама ў Латвію, чыгуначны вузел, наўпрост звязаны з Рыгаю. Да латвійскіх партоў адсюль бліжэй, чымся да літоўскае Клайпеды. Раней грузы беларускага паходжання ішлі ў рыжскі порт у значна большым аб’ёме. Сёлета перамовы пра павелічэнне транзіту ў Латвію вярнуліся на парадак дня.

Экс-кіраўнік Літвы: Астравецкая бомба – свінства з боку Беларусі

Каментуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Нашае кіраўніцтва выдатна разумее, як стварыць канфлікт паміж Латвіяй і Літвой. І вось калі, напрыклад, Літва будзе дрэнна сябе паводзіць з пункту гледжання Беларускай АЭС, блакаваць стасункі з Еўрапейскім звязам, тады Латвія можа стацца краінаю, у якую Беларусь перанакіруе транзіт сваіх грузаў».

Літва ўсцяж выступае супраць энергіі з Беларускай АЭС. Краіна заканадаўча замацавала забарону на беларускія кілаваты і дэмантавала лініі электраперадач, але да салідарнасці ў гэтым пытанні пакуль не прыцягнула калег у Еўразвязе і нават суседку – Латвію.

Кіраўнік Беларусі пацвердзіў свой візіт у Рыгу, і ў той жа момант Фінляндыя прапанавала літоўцам пераканацца ў бяспечнасці Беларускай АЭС за сталом перамоваў.

Працягвае Яраслаў Раманчук:

«А Літва кажа катэгарычна не… У той час як Латвія, Украіна і Эстонія кажуць фактычна, што мы будзем купляць. То пытанне, што гэта за такая пазіцыя Літвы, якая не мае сурʼёзнага абгрунтавання, якое можна было б абараніць у Еўразвязе ці ў МАГАТЭ».

У сваёй аргументацыі Вільня згадвае прыклады тыпу неахайнасці пры ўсталяванні рэактару, праблемы з сістэмаю вентыляцыі…

Пазіцыя Латвіі ў пытанні набыцця электрычнасці з Беларусі застаецца прагматычнаю.

Страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць

Каментуе Андрыс Спрудс, дырэктар Латвійскага інстытуту міжнародных справаў, Рыга:

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб была магчымасць дыверсіфікацыі закупак электраэнергіі. Калі Еўразвяз скажа, што гэтая станцыя бяспечная, тады, я думаю, тут ёсць магчымасці, што гэтая энергія таксама будзе закупляцца».

У тым, што Беларусь падрыхтуе такую прапанову і распачне перамовы, у Вільні не сумняюцца.

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс кажа:

«Але ў цэлым гэта ў пэўным сэнсе была б здрада і адыход ад намераў узмацняць энергетычную бяспеку не толькі Латвіі, але ўсіх краінаў Балтыі».

Цягам некалькіх гадоў краіны Балтыі выбудоўвалі агульную стратэгію энергетычнай бяспекі, у якой не планавалі нарошчваць абʼёмы закупу наўпрост з Расеі ці з БелАЭС, якую збудаваў «Росатом».

Літва спадзяецца, што суседкі датрымаюць слова і што Беларусь пакіне свой асноўны паўночны транзіт праз Клайпеду.

Віціс Юрконіс:

«Шантаж, які часам чуем з Беларусі, што калі вы не будзеце набываць, то мы перанакіруем транзіт у Рыгу… Такую песню мы чулі і 5 гадоў таму. Факты кажуць, што найбольш выгадны эканамічна варыянт – гэта праз Клайпеду».

На ўзроўні міністэрстваў транспарту Беларусь і Латвія ўвесну заявілі пра павелічэнне транзіту калійных угнаенняў з Салігорску ды нафтапрадуктаў праз латвійскую чыгунку і тэрміналы ды парты ў Латвіі.

А пасля ліпеньскай рэформы ва Украіне афіцыйны Менск на восень атрымаў магчымасць імпартаваць электрычнасць на поўдзень.

Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць

Каментуе Адрыян Прокіп, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Калі палітыка пойдзе ў той бок, каб будаваць прылады пастаяннага току, якія азначаюць магчымасць застацца і ў сістэме Расеі ды Беларусі, і захаваць планы інтэграцыі з Еўропай, то тут еўрапейскі палітычны фактар будзе ўплывовым».

Украіна мае свае магутнасці, але тамтэйшыя алігархі змусілі новую ўладу змагацца за змяншэнне кошту кілаватаў для насельніцтва. На палітычныя прымешкі ў імпарце Кіеў пакуль увагі не звяртае. І гэта тое пытанне, якое можа стаць новай цаглінай у прагматычным сяброўстве Менску і Кіева.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 29.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Глядзі таксама
Каментары