Міліцыя пракаментавала абвінавачанні ў збіцці Дзяніса Лук'янава і выклала відэа камераў назірання


Прэс-служба МУС апублікавала заяву з нагоды затрымання Дзяніса Лук’янава. Нагадаем, сямʼя 36-гадовага мужчыны сцвярджае, што 20 ліпеня яго жорстка збілі амапаўцы, праз што ён трапіў у рэанімацыю.

У міліцыі зняпраўджваюць інфармацыю пра збіццё Лук’янава і называюць звесткі, распаўсюджаныя ў СМІ, недакладнымі.

Прэс-сакратар МУС у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што Лукʼянаў 20 ліпеня на аўтамабільным фестывалю «SunDay» быў у стане алкагольнага апʼянення, парушаў грамадскі парадак. Першапачаткова ён быў дастаўлены дзяжурным нарадам у намёт для разбору, а 18.00 – у Гарадзенскі РАУС (дзе таксама размешчаны і медвыцвярэзнік). У МУС падкрэсліваюць, што байцы АМАПу не затрымлівалі мужчыну, на фестывалі яны зʼявіліся пазней – толькі а 19.30.

«Пасля складання адміністратыўнага пратаколу за перабыванне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага апʼянення (зафіксаваныя 2 праміле алкаголю ў выдыханым паветры) грамадзянін быў накіраваны ў медвыцвярэзнік. Там яго агледзеў доктар і якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў не выявіў. Больш за тое, сам маладзён на здароўе не скардзіўся, рухаўся актыўна, што пацвярджаюць запісы з камераў відэаназірання. Раніцай пасля поўнага выцвярэжвання і без скаргаў на здароўе мужчына быў выпісаны з установы».

У МУС сцвярджаюць, што Лукʼянаў і ягоныя сваякі ў міліцыю не скардзіліся.

«У далейшым па ініцыятыве працаўнікоў упраўлення па Гарадзенскай вобласці ГУУБ МУС адбылася размова з грамадзянінам Лукʼянавым. Ён растлумачыў, што працаўнікі міліцыі да яго гвалту не ўжывалі, а траўмы, з якімі аказаўся ў шпіталі, ён атрымаў па ўласнай неасцярожнасці праз 11 дзён пасля аўтафестывалю з прычыны знаходжання ў стане алкагольнага апʼянення», – паведамілі ў МУС.

У міліцыі таксама выклалі відэазапіс камераў назірання.

Hавiны
«На ім адпрацоўвалі прыёмы». Гарадзенец апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыянтамі
2019.08.23 15:23

Нагадаем, 20 ліпеня ля вёскі Караліно каля Горадні адбыўся аўтамабільны фестываль «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук’янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо пайсці дадому – там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фэсту патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАПу. Як сцвярджаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго нападпітку, узялі пад рукі і павялі ў лес. «У лесе сілавікі пачалі адразу ж біць яго. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумавымі дручкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, перавялі ў машыну ўчастковага, адвезлі ў РАУС для складання пратаколу», – распавядала раней belsat.eu ягоная стрыечная сястра Дар’я. Праз некалькі дзён гарадзенец быў шпіталізаваны, трапіў у рэанімацыю з дыягназам некроз (амярцвенне) цягліцаў і заражэннем крыві. Дзяніс перанёс ужо 6 аперацыяў, яму ампутавалі частку ягадзіцы.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў