«На ім адпрацоўвалі прыёмы». Гарадзенец апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыянтамі


Дзяніс Лук’янаў вяртаўся з фестывалю пад Горадняй, калі міліцыя затрымала яго за знаходжанне ў нецвярозым стане. Сям’я сцвярджае, што АМАПаўцы жорстка збілі яго. Сам гарадзенец цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі з дыягназам «некроз мышцаў» і заражэннем крыві. Ён перанёс ужо 6 аперацыяў і можа страціць нагу.

20 ліпеня ля вёскі Кароліна пад Горадняй адбыўся аўтамабільны фестываль «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук’янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо пайсці дадому – там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фэсту патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАП. Як распавядаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго нападпітку.

На фестывалі ў дзень здарэння. Фота даслалі сваякі

«Потым я пыталася ў брата, магчыма, ён з некім пасварыўся, пабіўся, але ён казаў, не, проста хадзіў навокал. Раптам да яго падышлі двое АМАПаўцаў, узялі пад рукі і павялі ў суседні лес, далей ад паляны, дзе былі людзі», – распавядае стрыечная сястра Дзяніса Дар’я Салянік. Яна гарадзенка, але жыве ў Нарвегіі і перыядычна наведвае родных у Беларусі. Гэтым разам засталася надоўга, бо ў сям’і здарылася няшчасце.

«У лесе сілавікі пачалі адразу ж біць яго. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумавымі дручкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, перавялі ў машыну ўчастковага адвезлі ў РАУС для складання пратаколу. Пасля чаго Дзяніса завезлі ў выцвярэзнік, дзе той правёў ноч, а раніцай вярнуўся дадому», – кажа Дар’я.

Дзяніс з дзецьмі. Фота даслалі сваякі

Паводле яе словаў, на трэці дзень пасля здарэння Дзяніс не здолеў выйсці на працу (ён працуе механікам у гаражы), бо зрабілася блага, моцна забалела нага. Тады ён узяў адгул і збольшага ляжаў, але стан штодня пагаршаўся – праз тыдзень мужчына ўжо кульгаў. Ні жонцы, ні маці ён не прызнаваўся ў прычыне кепскага самаадчування – «саромеўся сказаць, што мянты збілі».

Жонка Дзяніса Юлія не мела часу на доўгую гутарку, але пацвердзіла, што ўсё было менавіта так: «Магчыма, ён не прызнаваўся, бо баяўся, што я пачну сварыцца або не хацеў разгалошваць, – мы ўсё ж шматдзетная сям’я»

«Пры гэтым спачатку відавочных слядоў збіцця не было, бо яны ж білі адмыслова, каб іх не пакідаць, дручкамі. Дзяніс спачатку думаў, што пабаліць і пройдзе, цярпеў. Калі стала зусім невыносна, паднялася высокая тэмпература, выклікалі «хуткую», але забіраць у шпіталь з такімі сімптомамі яго не хацелі. Калі «хуткая» у чарговы раз прыехала 9 жніўня, у яго на ягадзіцы з’явілася чорная гематома з гноем», – гаворыць Дар’я.

Гэтак цяпер выглядае нага Дзяніса. Фота даслалі сваякі

Дыягназ пры шпіталізацыі – некроз (амярцвенне) мышцаў. Гэта паталагічны працэс, калі ў жывым арганізме адміраюць мяккія тканіны. Часцей за ўсё некроз узнікае ў выніку вонкавага або ўнутранага пашкоджання арганізму. Дар’я кажа, што за апошнія тыдні Дзяніс перанёс 6 хірургічных умяшальнняў: яму неаднаразова разразалі нагу і спрабавалі чысціць мёртвыя тканіны, але ж інфекцыя патрапіла ў кроў і лімфу.

«Цяпер у яго няма ўжо паловы ягадзіцы і па ўсёй назе адтуліны ад выразаных мышцаў. Ён у свядомасці, але тэмпература вельмі высокая. Яго пераводзілі ўвесь час з траўматалогіі ў рэанімацыю, але пазаўчора вырашылі пакінуць у рэанімацыі, стан агулам ацэньваюць як стабільны цяжкі».

Праблема ў тым, што прозвішчаў тых, хто яго збіваў, Дзяніс не ведае, яны не называліся. Таму ў пісьмовай скарзе сваякі апісалі ўсю сітуацыю са словаў Дзяніса і распавялі, да якіх наступстваў прывяло збіццё. Скаргу даслалі ў гарадзенскую пракуратуру, Следчы камітэт і службу ўнутранай бяспекі МУС. Адказаў з гэтых інстанцыяў сям’я пакуль не атрымала.

З дакументаў у іх на руках – толькі пастанова ад адміністратыўным правапарушэнні. Там гаворыцца, што «20 ліпеня прыкладна а 18.00 Лук’янаў з’явіўся ў грамадскім месцы – на свяце «Сан Дэй» у стане алкагольнага ап’янення, меў неахайны выгляд, шаткую паходку, няўцямную гаворку, рэзкі пах алкаголю з роту, чым сваймі дзеяннямі абражаў чалавечую годнасць і грамадскую мараль». Паколькі раней ён на адміністратыўнай адказнасці не прыцягваўся, Дзяніса аштрафавалі на 0, 2 базавых велічыні (5 рублёў 10 капеек) паводле ч. 1 арт. 17.3 КоАП. З дакументу вынікае, што віну ён нібыта прызнаў.

Што датычыць лекараў гарадзенскага шпіталя хуткай дапамогі, яны ведаць пра збіццё, але выдаваць сваякам медычнае заключэнне не могуць, пакуль пацыент знаходзіцца ў рэанімацыі. Дар’я, якая штодня кантактуе з лекарам Дзяніса, кажа: яны могуць зрабіць гэта толькі па патрабаванні пракуратуры або СК.

Участковы, які складаў пратакол на Дзяніса і, адпаведна, мог бачыць яго збітым – лейтэнант Сяргей Карпук. Мы знайшлі ягоны службовы мабільны нумар, аднак там адказалі, што цяпер ён у адпачынку. Іншыя ж супрацоўнікі пра сітуацыю нібыта не чулі.

Падрабязнасці гісторыі таксама публікуе блогер NEXTA:

20 жніўня падчас нарады па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў сілавікоў, ужываючы спецыфічную лексіку. Тады ён заявіў, што «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Калі кіраўнік дзяржавы і не меў на ўвазе выпадкі міліцэйскага гвалту, у Беларусі яны – ня рэдкасць.

КА belsat.eu

Стужка навінаў