Мецэнат запісаў «Пагоню» Багдановіча з хорам і аркестрам. Паглядзіце!


Мецэнат і ініцыятар праекту Антон Мяжа сабраў каманду прафесійных музыкаў і запісаў «нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь» на верш Максіма Багдановіча «Пагоня», паведамляе крама symbal.by.

«Гэта была мая даўняя мара – каб Беларусь займела паўнавартасны нацыянальны гімн, якасны, пазнавальны і дарэчны ў гістарычным і культурным кантэксце, – распавядае Антон Мяжа. – Я вырашыў ажыццявіць гэтую мару і абраў верш Максіма Багдановіча «Пагоня». Каб гэты твор загучаў у выкананні хора і аркестра, як беларускі нацыянальны гімн, спатрэбілася каля двух гадоў і вялікія сродкі».

Праўда, шэраг беларусаў пачалі спрачацца, ці варта называць «Пагоню» «нацыянальным гімнам».

Сярод крытыкаў такой фармулёўкі апынуўся і былы старшыня партыі БНФ, мовазнаўца Вінцук Вячорка.

«Гэта добра. Але нацыянальна-дзяржаўным гімнам твор становіцца ня ў выніку кампаніі ў сацыяльных сетках. Маем дзяржаўны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі – “Мы выйдзем шчыльнымі радамі“. Калі мы нацыя, мы стаім на грунце таго, што зроблена папярэднікамі. А калі кожнае новае пакаленне ўсё пачынае быццам з нуля – такі і будзе ў нас лёс», – напісаў Вінцук Вячорка пад допісам кіраўніка праекту symbal.by Паўла Белавуса.

У размове з Belsat.eu Павел Белавус распавёў, што на рэалізацыю гэтага праекту было выдаткавана каля $ 2000.

На YouTube-канале symbal.by таксама з’явіўся кліп да «нацыянальнага гімну». У ім выкарыстаныя кадры з Вільні, дзе 22 лістапада адбылося перапахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі» – гімн БНР. Упершыню апублікаваны 30 кастрычніка 1919 у газеце «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн». У якасці гімну марш быў прыняты ў 1920 годзе. На момант яго напісання БНР ужо дэ-факта не існавала, а яе кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні.

«У розныя часы разглядаліся розныя варыянты афіцыйнага гімна Беларусі, – каментуе музыка і арганізатар ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў. – Сярод самых вядомых – беларуская марсельеза «Адвеку мы спалі», «А хто там ідзе?» і «Не загаснуць зоркі ў небе» Янкі Купалы, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макара Kрaўцовa і «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай. Але я лічу, што толькі адзін варыянт найлепш адпавядае гімну нашай краіны, спалучае ў сабе яе мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню. Гэта «Пагоня» Максіма Багдановіча, напісаная ім у 1916 годзе ў Менску».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў