Маці арыштаванага айцішніка: У вачах сілавікоў няма зрэнак


Улада Герчыкава асудзілі паводле двух артыкулаў: супраціў міліцыянтам і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, агулам 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пасля суда родныя чатыры дні не маглі знайсці Улада. Маці затрыманага Тамара Іванаўна распавяла «Белсату», што гэта былі жахлівыя дні.

Улад Герчыкаў у офісе «BAMBOO GROUP».
Фота: bamboo-group-ou

Улада Герчыкава, дырэктара кампаніі «Bamboo Group» затрымалі і асудзілі да адміністрацыйнага арышту. Суддзя прысудзіла яму 15 дзён арышту нібыта за супраціў міліцыянтам і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пасля прысуду родныя Улада не змаглі знайсці яго чатыры дні. Цягам гэтага часу яны правялі каля Акрэсціна, у Баранавічах і Жодзіне.

«Пасля затрымання ў суботу 17 кастрычніка была інфармацыя, што ён знаходзіцца на Акрэсціна. Але калі мы туды прыехалі, аказалася, што такога прозвішча сярод затрыманых у іх няма. І толькі ў аўторак на мінулым тыдні мы даведаліся, што ў судзе будуць разглядаць справу нашага сына. Там прагучала, што Улада затрымалі на перавулку Казлова, але насамрэч яго схапілі на вуліцы Казлова. Адлегласць паміж гэтымі вуліцамі амаль два з паловаю кіламетраў. Суддзя прыняла гэтыя заўвагі і нават прыняла відэа з моманту затрымання сына. Таксама падчас суда я падышлі да кампутара і пабачыла сына. Якасць відэа была не вельмі добрая, але ён усміхаўся.

Пасля суда ў сераду мы пайшлі на Акрэсціна, падрыхтавалі перадачу. Улад быў ужо нават у спісах ІЧУ і ў спісе ЦІП. Але дзе дакладна шукаць сына мы так і не даведаліся. У чацвер з самай раніцы нам пацвердзілі, што Улад знаходзіцца на Акрэсціна. Мы сталі каля брамы, каб перадаць яму перадачу. Але праз некаторы час адтуль выехалі пяць аўтазакаў. Працаўнікі Акрэсціна сказалі, што павезлі зняволеных і вывесяць спісы цягам 30 хвілінаў. Улада ў спісах не было.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Мы запыталіся дзе ж нам шукаць сына, нам адказалі, што яго адвезлі ў Баранавічы. Мы яшчэ адмыслова канкрэтызавалі, ці дакладна ўсіх павезлі ў Баранавічы, на што атрымалі пацверджанне. Таму з мужам мы паехалі ў Баранавічы. Прыехалі пасля 16-ай гадзіны, калі перадачы ўжо не прымалі, але толькі дзякуючы валанцёрам удалося дамовіцца, каб зняволеныя атрымалі неабходныя за кратамі рэчы.

І калі мы аддавалі перадачу для Улада, у нас раптам перапыталіся, а ці мы перакананыя, што наш сын знаходзіцца ў Баранавічах? І сапраўды, яго не было ў спісах. Я там ледзьве не страціла прытомнасць. Муж трымаўся лепей. Мы пачалі шукаць сына і не маглі знайсці яго. Па вяртанні ў Менск, калі была ўжо ноч, мы вярнуліся ізноў на Акрэсціна і тут нам паведамілі, што Улад знаходзіцца ў Жодзіне. Аказваецца, пасля таго, як выехалі пяць аўтазакаў у Баранавічы, яны яшчэ дзве машыны накіравалі ў Жодзіна.

Тэлефон, які нам далі, каб пазваніць у Жодзіна, не працаваў. Мы так і не дазваніліся туды, але паехалі і сапраўды, сын адбывае зняволенне цяпер у Жодзіне. Таму пасля гэтага нават камень з душы зваліўся. Мы нават уздыхнуць змаглі», – распавяла «Белсату» маці Улада Тамара Іванаўна.

Улад Герчыкаў (з ключом ) у офісе «BAMBOO GROUP».
Фота: bamboo-group-ou

«У іх вачах няма зрэнак»

– Працаўнікі турмы, міліцыянты бачаць, што людзі перажываюць за сваіх родных, якія апынуліся за кратамі, але не заўсёды спяшаюцца дапамагчы. Чаму, на вашу думку, яны так робяць?

– Гэта своеасаблівая форма катаванняў, мне падаецца. Садызм праяўляецца не толькі ў збіцці. Магчыма, што гэта нейкія водгукі НКВД, не ведаю. Мы сутыкнуліся з гэтым і шакаваныя. Чалавека затрымалі каля касцёлу, ён вяртаўся з імшы. Навошта хапаць? Але нават калі глядзець больш глыбока – кожны чалавек мае канстытуцыйнае права выказваць сваё меркаванне. Але там, дзе няма разумення права і законнасці, няма і размовы.

Чаму асоба, якая набрала 80 % галасоў пачынае збіваць людзей, катаваць? Таму цяпер у пратэстах прымаюць удзел тыя асобы, у якіх рэпрэсавалі родных. І тыя ж бабулькі, нягледзячы на хваробы і боль у спіне, ці нагах, выйдуць. Няўжо яны не разумеюць, што здзекам толькі распальваюць канфлікт. Навошта? Няхай мне нехта патлумачыць. Я была на адным маршы і падышла да міліцыянта і сказала яму, што давай мы здымаем маскі і пагаворым. Але я пабачыла, што ў іх няма зрэнак.

Гэтак жа і суддзя падчас разгляду справы не глядзела наўпрост. Яна падняла галаву, але апусціла вочы і глядзела на стол. Ні разу яе позірк не патрапіў на нас, яна, магчыма, баялася, каб нашыя позіркі перасекліся. Мы разумелі, што будзе арышт, паколькі сын ужо быў за кратамі.

«Дзеці плакалі, збіраючы перадачу для таты»

– Як адрэагавала сям’я Улада, сыны, жонка на затрыманне і арышт?

Улад вызваліцца як раз на народзіны свайго сына 7 лістапада. Але яго сыны плакалі, калі чысцілі каўбасу для таты ў турму. Мы ўсе разам збіралі перадачу для яго. Мы цяпер усе, у тым ліку і ўнукі тэлефануем на нумар Улада. Тэлефон выключаны, але працуе галасавая скрыня і мы пакідаем галасавыя паведамленні. Кажам, што мы любім і ганарымся ім. Мы чакаем, калі Улад возьме ў рукі тэлефон і пачуе, што мы яму сказалі.

Улад Герчыкаў.
Фота: companies.dev.by/bamboo-group-ou

– Як даўно Улад працуе ў кампаніі «Bamboo Group»?

Улад заўсёды быў вельмі актыўным. Ён увесь час нечым займаўся. У яго была школа бізнесу. Ладзіў курсы, сам навучаўся, імкнуўся заўсёды да нечага. Яго сыны не скажу, што выдатнікі, але яны сапраўдныя асобы. Што да кампаніі «Bamboo Group», то ён пачаў там працаваць вельмі даўно, яшчэ падчас студэнцтва. Тады ж Улад ініцыяваў кампанію, якая прадавала сродкі камунікацыі, тэлефоны. Я яму нават казала, маўляў, Улад, гэта ж вельмі шмат каштуе, хто будзе набываць гэтыя прылады? Ён мэтанакіравана імкнуўся да лепшага. Закончыў «Наргас», пасля навучаўся ў Лондане. Я яму казала, што ён ужо паспяховы, дасягнуў шмат, навошта яшчэ вучыцца. Але ён лічыць, што яму гэта патрэбна. Улад актыўна займаецца спортам, прымае ўдзел у марафонах. Я ганаруся ім і магу распавядаць пра свайго сына і яго дасягненні вельмі шмат.

ВІДЭА
Народны Ультыматум: час сканчаецца ў 23:59. ХРОНІКА ДНЯ
2020.10.25 12:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў