Маскоўскі досвед для Беларусі?

З набліжэннем выбарчай кампаніі ў Беларусі мацней разгараецца дыскусія наконт удзелу ці няўдзелу апазіцыі ў «выбарах». У нашай краіне гэтая тэма з’яўляецца адной з самых сурʼёзных у палітычнай думцы. Падзеі, якія ў апошнія месяцы і дні адбываюцца ў нашых суседзяў, прымушаюць зноў вярнуцца да гэтага пытання. На гэты раз аргументам «за» удзел зʼяўляюцца апошнія пратэсты ў Маскве. Для некаторых беларускіх публіцыстаў яны сталі сведчаннем таго, што ўдзел у будучых выбарах у Беларусі можа прывесці да збою ў сістэме.

На мой погляд, гэта сцвярджэнне павярхоўнае і мае хутчэй агітацыйны характар. Мэта новай хвалі агітацыі «за ўдзел» у выбарах заключаецца ў тым, каб надаць беларускай выбарчай кампаніі, якая даўно і цалкам сябе дыскрэдытавала, нейкі адмысловы, новы сэнс, новую палітычную мэту. Бо самі па сабе пратэсты ў Маскве нічога не паказваюць і не даказваюць. Па маім перакананні, зварот да досведу Масквы ці Украіны – гэта проста спроба рэабілітаваць беларускі «выбарчае ўдзел», гэта адзінае, з чым «кандыдаты» могуць прыйсці да беларускіх выбарнікаў, заклікаючы іх да галасавання.

Па-першае, пратэсты супраць фальсіфікацыяў, за сумленныя выбары, якія цяпер маюць месца ў Маскве, у Беларусі адбываліся па падобных нагодах на працягу дзясятка гадоў. Наша грамадства перажыло некалькі няўдалых электаральных рэвалюцыяў (масавыя пратэсты), перажыло брутальныя зачысткі і рэпрэсіі. Таму ўсё, што адбываецца ў Маскве – гэта ніякі не новы досвед для нас, і тым больш ён не можа быць доказам неабходнасці ўдзелу ў выбарах. Тым больш, што пратэсты не прывялі да збою сістэмы або аб’яднанню апазіцыі ці да ўсерасейскага палітычнага страйку.

Па-другое, у Расеі працэс вычышчэння выбарчага працэсу і нахабных маніпуляцыяў распачаўся адносна нядаўна (улада захоўвала фармальныя прыстойнасці і нават прапускала прадстаўнікоў апазіцыі ў мясцовыя органы ўлады), таму нерэгістрацыя кандыдатаў ад апазіцыі на выбары ў Масгардуму стала для масквічоў пэўным шокам. Упершыню ў Расеі (у Маскве) масавыя паслявыбарчыя пратэсты былі ў 2011 годзе. У той час як у Беларусі яны мелі месца пачынаючы з 2001 года. Расейская апазіцыя да гэтага часу верыць у выбары (!) Хоць прыклад Сабчак павінен быў іх чамусьці навучыць.

У сваю чаргу, у Беларусі фальсіфікацыі даўно з’яўляюцца складнікам выбараў (яны замянілі сабой выбары), яны звыклыя і паўсюдныя і нікога не шакуюць. Зняцце, збіццё і арышт кандыдатаў, паказальныя суды, выдаленне і арышт назіральнікаў, загоны студэнтаў для галасавання, прамыя фальсіфікацыі пратаколаў, запуск у парламент патрэбных кандыдатаў. Улада не дазваляе апазіцыі праз выбары праходзіць нават у мясцовыя органы ўлады. Сама ўлада не хавае таго, што выбараў у Беларусі няма. Чаму ж нас можа навучыць маскоўскі досвед?!

У беларускай палітычнай думцы даўно ідуць баталіі наконт ролі апазіцыі ў выбарах, удзелу і няўдзелу ў сфальсіфікаваных кампаніях. Ёсць цэлыя сістэмы тэзісаў і аргументаў, шырокі аналіз досведу іншых краінаў. Усяго гэтага яшчэ няма ў палітычнай думцы Расеі. Там усё яшчэ вераць у сілу «ўдзелу». У Беларусі таксама сфармавалася сцверджэнне, што самі выбары, як і вынікі выбараў ва ўмовах аўтарытарызму могуць быць абаронены толькі ў выніку жорсткага прэсінгу на ўладу, г.зн. праз пратэсты, праз рэвалюцыю. Самыя выбары – гэта толькі падрыхтоўчы этап да рэвалюцыі.

Без ідэі рэвалюцыі (пратэсту) удзел у выбарах пазбаўлены ўсякага сэнсу.

Па-трэцяе, у Беларусі сёння цалкам адсутнічае апазіцыя-рэвалюцыі, г.зн. тыя палітычныя сілы, якія рыхтуюцца не да выбараў, а да рэвалюцыі. Рэвалюцыйная рыторыка на сёння сябе цалкам вычарпала (у тым ліку і па прычыне вонкавых фактараў). У галовах сябраў апазіцыйных партыяў нават думкі такой не ўзнікае, яе мабілізацыйны патэнцыял вельмі нізкі, як і ўзровень даверу. Апазіцыя канструктыўная і спадзяецца толькі на тое, што ўлады каго-небудзь, куды-небудзь пусцяць. Тым больш, што «парламенцкія выбары» ніколі не былі падставай для пратэстаў у Беларусі.

Практычна ва ўсіх, хто сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, ёсць разуменне таго, што самі па сабе пратэсты, без сур’ёзнага, пераломнага сутыкнення з уладай, вырашыць праблемы не змогуць. Арганізаваць такі пратэст, які зможа пераламаць сітуацыю ў краіне, на дадзены момант немагчыма. Адпаведна, немагчыма абараніць ці апратэставаць вынікі выбараў, нават калі які-небудзь апазіцыйны кандыдат набярэ 60 %. (Хаця такога кандыдата на выбары проста не пусцяць). Па гэтай прычыне ўдзел апазіцыі ў выбарах не нясе ніякай пагрозы для цяперашняй улады, наадварот, адказвае яе інтарэсам і чаканням. Таму ўсё, што можа зрабіць сёння апазіцыя, гэта не быць часткай палітычных маніпуляцыяў і падману.

Павал Усаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў