Мадура разарваў дыпламатычныя стасункі з Калумбіяй, на мяжы адбыліся крывавыя сутычкі


Нікалас Мадура абвінаваціў калумбійскія ўлады ў падтрымцы венесуэльскай апазіцыі і абвясціў пра разрыв дыпламатычных стасункаў з Багатай. Ён даў калумбійскім дыпламатам 24 гадзіны на тое, каб пакінуць Венесуэлу.

Заява Мадура было зроблена пасля крывавых сутыкненняў на венесуэльскай мяжой. Хуан Гуаідо, прызнаны ЗША і шэрагам іншых краін часовым прэзідэнтам, 23 лютага асабіста прыняў удзел у адпраўцы каравана грузавікоў з гуманітарнай дапамогай з калумбійскага гораду Кукута на тэрыторыю Венесуэлы. Гуманітарны груз на мяжы сустракалі актывісты апазіцыі, у якіх адбыліся крывавыя сутыкненні з сілавікамі, якія не пускалі гуманітарны канвой у Венесуэлу.

Дзве машыны з ежай і медыкаментамі былі спалены. Астатнія грузавікі з гуманітарнай дапамогай былі адкліканы назад у Калумбію, бо стала зразумела, што ў Венесуэлу ім не патрапіць. Паліцыя ўжыла супраць апазіцыянераў слёзаточывы газ, а тыя закідвалі сілавікоў камянямі. СМІ паведамляюць, што ў выніку сутыкненняў пацярпелі каля 285 чалавек. Каля 60 венесуэльскіх вайскоўцаў пры гэтым дэзерціравалі і ўцяклі ў Калумбію, сцвярджаюць калумбійскія ўлады.

Адначасова гуманітарную дапамогу ў Венесуэлу паспрабавалі завезці і з Бразіліі. Венесуэльскія сілавікі тут не толькі заблакавалі груз, але і адкрылі агонь па пратэстоўцам – загінула жанчына і 14-гадовы падлетак. 31 чалавек атрымаў раненне.

Раней Нікаляс Мадура зачыніў усе межы Венесуэлы, каб у краіну не магла трапіць гуманітарная дапамога.

Аб’ектыў
Чаму Мадура не пускае гуманітарную дапамогу?
2019.02.20 21:14

Нагадаем, Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны крызіс, які стаў вынікам палітыкі Нікаляса Мадура. У краіне гіперінфляцыя, людзям не хапае ежы і лекаў, сотні тысяч венесуэльцаў эмігравалі. У канцы 2018 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх зноў перамог Мадура. Аднак апазіцыя і большасць краінаў Лацінскай Амерыкі перамогу Мадура не прызналі, бо не лічылі выбары свабоднымі і справядлівымі. 23 студзеня старшыня парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта. Яго прызналі часовым кіраўніком Венесуэлы ЗША, амаль усе дзяржавы Паўднёвай Амерыкі і многія еўрапейскія краіны.

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі і golos-ameriki.ru

Фота – REUTERS/Marco Bello

Стужка навінаў