Чаму Мадура не пускае гуманітарную дапамогу?


Венесуэла зачыніла марскія і паветраныя спалучэнні з астраўнымі дзяржавамі ў Карыбскім моры, каб адтуль нельга было даставіць гуманітарную дапамогу з Еўразвязу і ЗША. Гэткі загад аддаў Нікаляса Мадура. Чаму аўтарытарны рэжым не пускае гуманітарную дапамогу і чаго асцерагаецца кіраўнік Венесуэлы?

Нікаляс Мадура вырашыў перахапіць ініцыятыву ў апазіцыі і краінаў Захаду, якія патрабуюць ягонай адстаўкі і датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Ён анансаваў датэрміновыя парламенцкія выбары ў Канстытуцыйны сход, які Мадура цалкам кантралюе.

«Там адзін клоўн абвесціў сябе часовым прэзідэнтам. Ну, калі ты часовы прэзідэнт, спачатку арганізуй выбары. Арганізуй выбар, сеньёр Самазванец, сеньёр Клоўн! Давай, калі ты смелы», – лаяўся Мадура на цырымоніі ўручэння дыпломаў студэнтам-медыкам.

Клоўнам Мадура назваў Хуана Гуаідо – старшыню сапраўднага парламенту, Нацыянальнай асамблеі. Еўразвяз, ЗША і большасць лацінаамерыканскіх краінаў прызналі Гуаідо часовым прэзідэнтам паводле канстытуцыі Венесуэлы. І вылучылі гуманітарную дапамогу – толькі ад Еўразвязу гэта $ 18 мільёнаў ды 70 тонаў ежы і медыкаментаў.

«Гэта не падтрымка Хуана Гуаідо, гэта падтрымка канстытуцыі, свабоды, роўнасці і братэрства, дэмакратыі ў цэлым і шматгадовай барацьбы венесуэльцаў» – заявіў часовы прэзідэнт Гуаідо на сустрэчы з амбасадарамі краінаў Еўразвязу.

Але гуманітарная дапамога з Амерыкі і Еўропы тут забароненая і пакуль у асноўным стаіць на мяжы. Затое сёння мусілі прыбыць абяцаныя Мадурам 300 тонаў расейскай «гуманітаркі». План дапамогі з ЗША Мадура называе дымавой завесай для ўварвання амерыканскіх войскаў. Да таго ж, раздача ежы і лекаў – гэта спосаб кантраляваць лаяльнае насельніцтва.

«Тыя, хто спрабуе замахвацца на прэзідэнта тут, у Венесуэле: вы не зможаце перамагчы свядомага патрыятычнага духу мужчынаў і жанчын узброеных сілаў, каб навязаць свой марыянетачны ўрад. Вы не зможаце! Вам давядзецца перайсці праз нашыя мёртвыя целы!» – пагражае апазіцыі і Злучаным Штатам Уладзімір Падрына Лопэс, міністр абароны Венесуэлы.

Пакуль больш памірае праціўнікаў дыктатуры. На відэа Джоні Гадой, 29-гадовы актывіст апазіцыі з Каракасу. Праз 2 дні пасля публікацыі дадому да Джоні ўварваліся спецназаўцы падраздзялення FAES. Яго вывелі на вуліцу і забілі.

«Мы пахавалі яго ў закрытай труне, бо Джоні быў непазнавальны. Калі б не татуіроўка з ініцыяламі памерлай бабулі, мы б яго не апазналі. Бо ён быў непазнавальны, увесь апалены», – распавядае Марвэліс Парэдэс, сваяк забітага.

Як паведамляюць праваабаронцы, спецназ FAES мэтанакіравана праводзіць адрасныя рэйды супраць моладзі з бедных раёнаў, каб стварыць атмасферу тэрору.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu