Лукашэнка заявіў, што яму прыйшлося «падымаць на вышыню» Уладзіміра Мулявіна


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дапамагаў кіраўніку ансамбля «Песняры» Уладзіміру Мулявіну і сябраваў з ім.

Пра гэта Лукашэнка распавёў падчас сустрэчы з губернатарам Свярдлоўскай вобласці РФ Яўгенам Куйвашэвым. Як вядома, Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску (цяперашні Екацярынбург).

«Мы ўважліва ставімся да памяці Уладзіміра Мулявіна, падтрымліваем усе яго творчасць. Гэта наш агульны гонар – Валодзя Мулявін, якога я вельмі добра ведаў, з якім мы былі сябрамі. Пасля нацыяналістычнага чаду (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, рускага чалавека, падымаць на вышыню. Я прама беларусам сказаў, што гэты рускі расеец навучыў нас размаўляць на беларускай мове», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Незразумела, што меў на ўвазе Лукашэнка, кажучы пра тое, што ён нібыта «падымаў на вышыню» Мулявіна. Як вядома, Мулявін стаў легендарным спяваком задоўга да таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Ён быў народным артыстам Беларусі і СССР, гастраляваў на Захадзе. У 2001 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў Мулявіна ордэнам Францыска Скарыны за развіццё беларускага эстраднага мастацтва.

Кіраўнік ансамбля «Песняры» Уладзімір Мулявін трапіў у ДТЗ ў траўні 2002 года і праз 8 месяцаў памёр. У 2004-м менскія ўлады ўшанавалі памяць музыкі, перайменаваўшы бульвар Луначарскага. У 2017 годзе ў скверы за Белдзяржфілармоніяй ўсталявалі помнік Мулявіну.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў