Лукашэнка распавёў, што прымушае Качанаву «бегаць па трасе»


Каманда Аляксандра Лукашэнкі ў чарговы раз перамагла на спартовым свяце «Менская лыжня». Другое месца сёлета заняла каманда Гарадзенскага аблвыканкаму, а трэцяе каманда савету міністраў.

Размаўляючы з журналістам падчас спартовага свята 9 лютага, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць недастаткова актыўным развіццё ў краіне масавага спорту, асабліва сярод моладзі і навучэнцаў.

«Прымушаю кіраўніка Адміністрацыі (Наталлю Качанава – заўв. belsat.eu), а яна ўвесь народ, асабліва школы – бегаць на трасе. Хіба гэта нармальна: лыжы дай, скажы, што гэта добра, а потым яшчэ за руку цягні на трасу? Я не разумею, што за бацькі? Дзяцей трэба абавязкова выхоўваць у гэтым плане. Менш хварэць будуць. Гэта факт», – сказаў ён.

«Таму цяпер зладзім спаборніцтвы па школах, ВНУ. І спытаем з рэктара і выкладчыкаў, дырэктараў школ, чаму яны не цягнуць на трасы, на лыжню дзетак. У савецкі час не давядзі Бог не выканаць у школе праграму па лыжах», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка і Домрачава. Фота – president.gov.by

У афіцыйным спартовым свяце «Менская лыжня» традыцыйна бярэ ўдзел Лукашэнка і топ-чыноўнікі. Сёння ў складзе эстафетнага квартэту разам з кіраўніком дзяржавы выступіў Мікалай Лукашэнка, Дар’я Домрачава і Святлана Канашэнка, якую называюць асабістай доктаркай Лукашэнкі. Таксама ў свяце прымала ўдзел «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч.

ІІ, belsat.eu, паводлеБелТА

Стужка навінаў