Лукашэнка падпісаў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі


Кіраўнік Беларусі падпісаў пастанову Савета Бяспекі «Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Дакумент абавязвае дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі кіравацца канцэпцыяй у сваёй практычнай дзейнасці. Кіраўніку краіны павінныя штогод дакладваць пра стан нацыянальнай бяспекі і захады для яе ўмацавання.

У прэс-службе Лукашэнкі адзначаюць, што ў канцэпцыі ўлічаныя ўсе заўвагі і прапановы сябраў Рады бяспекі, што паступілі падчас разгляду праекту дакументу на пасяджэнні 12 сакавіка.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі – гэта сістэма афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, у якой вызначаюцца стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.

Канцэпцыя зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце, грунтуецца на пагадненнях аб супрацы ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаваў-удзельніц СНД, дзяржаваў-сябраў АДКБ, двухбаковых пагадненняў і іншых абавязальніцтваў Беларусі ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Сучаснымі выклікамі і пагрозамі, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных падставаў і жыццядзейнасці дзяржаваў, у дакуменце пазначаныя маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцяў, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.

Канцэпцыя ўяўляе сабой сучасны палітычны акт, накіраваны на ўсёабдымнае развіццё Беларусі як суверэннай, дэмакратычнай, сацыяльнай дзяржавы. Асабліва падкрэсліваецца, што бяспека інфармацыйнай сферы забяспечваецца ў першую чаргу менавіта праз яе развіццё.

«Беларусь пазіцыянуе сябе як міралюбная дзяржава, якая разлічвае на цывілізаванае вырашэнне ўсіх пытанняў глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, няўхільнае і эфектыўнае развіццё чалавечага патэнцыялу. Канцэпцыя арыентаваная на ўцягванне ў запэўніванне інфармацыйнай бяспекі ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацыяў, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, прадстаўнікоў навуковай, адукацыйнай і культурнай супольнасці», – сказана ў паведамленні.

Інфармацыйная бяспека ад Лукашэнкі: як сябраваць з Пуцінам і ад яго ж абараняцца

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары