Інфармацыйная бяспека ад Лукашэнкі: як сябраваць з Пуцінам і ад яго ж абараняцца


Напярэдадні ў Інтэрнэце з’явіўся дакумент, які называюць працоўнай версіяй Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі, нібыта напярэдадні ўхваленай Аляксандрам Лукашэнкам у часе нарады з Радай бяспекі краіны. Адзінадушша ў рэакцыях на з’яўленне дакументу няма.

Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ:

«Калі ты абвяшчаеш, што твой найлепшы сябар – Крэмль, Пуцін, кажаш пра нейкую саюзную дзяржаву, – то цалкам недарэчна казаць, што ад твайго найлепшага сябра і саюзніка паходзіць асноўная небяспека і трэба абмежаваць ягоны ўплыў. Калі ты нібыта будуеш «саюз» і пры гэтым вымушаны рабіць нейкія крокі, каб абараніцца ад гэтага «сяброўства». Бурыцца ўся ідэалогія, якую будаваў Лукашэнка цягам 20 гадоў».

Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік:

«Гэты дакумент пацвердзіў тое, што мне ўжо даўно казалі дасведчаныя людзі. У Савеце Бяспекі працуе дастаткова адэкватных беларускацэнтрычных патрыётаў, для якіх незалежнасць – не пусты гук. Ніхто не прымушаў іх устаўляць у тэкст усе вышэйпералічаныя тэзісы. Ніхто б не вярнуў тэксту, будзь там традыцыйныя выпады на адрас пятай калоны ды іншых журналюг-хакераў, якія плявузгаюць. Але яны зрабілі ўсё менавіта так, як зрабілі».

Павел Усаў, палітолаг:

«Свой «інфармацыйны суверэнітэт» Беларусь збіраецца абараняць разам з Расеяй, у межах Саюзнай дзяржавы». Вось такая цікавая атрымліваецца канцэпцыя. Мабыць, Лукашэнка меў на ўвазе нейкія іншыя «фэйкі». Вядома, сам працэс фармавання канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі ды суверэнітэту без актыўнага ўдзелу прадстаўнікоў незалежных медыяў і незалежнай экспертнай супольнасці сам па сабе ўжо вялікі фэйк. Гэта дае зразумець, ад каго і як дзяржава збіраецца абараняць свой суверэнітэт».

На тэму Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі мы паразмаўлялі з Паўлюком Быкоўскім, медыяэкспертам і палітычным аглядальнікам.

Ці трэба неяк абмяжоўваць беларусам свабоду ў Інтэрнэце? Жыхары Менску.

belsat.eu