Лагатып «Беларускамоўны» прыдумаў Уладзімір Цэслер


Сёння – апошні дзень, калі можна паўдзельнічаць у перапісе насельніцтва. Калі вы раптам не паспелі гэтага зрабіць, нагадваем, што ў анкеце – 49 пытанняў. Адказ на адно з іх – пад нумарам 12 – паўплывае на будучыню беларускай мовы.

Прыхільнікаў беларускай мовы непакоіць, што вынікі гэтага перапісу будуць яшчэ больш сумнымі, чым папярэдняга. Тады, у 2009 годзе, роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва.

«Белсат» выступае за сапраўднае раўнапраўе дзяржаўных моваў. І да гэтага яшчэ вельмі далёка: па-расейску ў нас вучаць у пераважнай большасці школаў і ВНУ, вядуць дзяржаўнае справаводства, чытаюць навіны на дзяржаўных тэлеканалах.

Таму мы разам з партнёрамі прыдумалі кампанію «Беларускамоўны», у якой заклікалі падчас перапісу пазначаць у пункце № 12 роднай мовай беларускую, нават тых, хто штодня не размаўляе на ёй.

Hавiны
Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12
2019.10.09 10:00

Лагатып для кампаніі прыдумаў вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер, які вырас у сям’і службоўцаў. Бацькі размаўлялі па-расейску. Гэтак жа, як і бабуля, якая тым не менш добра ведала беларускую мову, а таксама ідыш. Уладзімір Цэслер узгадвае, што з ранняга дзяцінства беларуская мова штодня была побач, дзякуючы дзяржаўнаму радыё. Ягоны 13-гадовы сын таксама не размаўляе па-беларуску, але адзнаку па прадмеце мае выдатную.

«Нам патрэбны час і нейкі штуршок, каб адбыўся пераход назад да беларускай мовы», – лічыць Уладзімір Цэслер.

Партнёры кампаніі: «Арт Сядзіба», інтэрнэт-крама symbal.by, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», брэнд «LSTR Adzieńnie», інтэрнэт-кнігарня Knihi.by, крама з нацыянальным каларытам mmkut.by.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў