Крэмль навязвае беларусам сваю версію гісторыі


Расейскія гісторыкі-прапагандысты хочуць, каб беларусы думалі так, як трэба Расеі. Як яны спрабуюць пашырыць свой уплыў у Беларусі? Каментуе гісторык Ігар Мельнікаў.

Што за інцыдэнт здарыўся пасля публікацыі ў адным з расейскіх часопісаў?

Тое, што надрукавалі інтэрв’ю са мною, – выдатна. Калі б не надрукавалі, я б нават і не ведаў тэксту гэтага выдання. Я даўно сачу за дзейнасцю расейскага фонду «Гістарычная памяць» і бачу, што яны пачалі вельмі актыўна прасоўваць свае ідэі ў Беларусі. Іх выданні адмыслова накіраваныя на тое, каб прасунуць маскоўскія ідэі.

Я ўдакладню: расейскі фонд выдае часопіс пра беларускую гісторыю?

Так, часопіс «Беларускі гістарычны агляд» выдаюць у Маскве. Акрамя гэтага, у Беларусі выходзяць іх кнігі. Адна з кніг, якая выйшла, – «Забойца Хатыні», а другая – «НКВД у Заходняй Беларусі». Яны выдалі іх нядаўна, прычым выдалі з удзелам не толькі расейскага боку, але і з удзелам Акадэміі навук Беларусі. З аднаго боку, так, яны выдаюць дакументы, але ўсё падаецца пад такім соусам, што ствараецца ўражанне, быццам падводзіцца беларускае грамадства да ідэі, выгаднай Маскве і Расеі.

Вы – даследнік Другой сусветнай вайны, асабліва 1939 года, пачатку вайны, як у свеце, так і ў Беларусі. Чым карціна Другой сусветнай вайны ў публікацыях гэтых расейскіх гісторыкаў адрозніваецца ад таго, што адбывалася насамрэч у Беларусі?

Насамрэч галоўныя ідэі ў прасоўванні гэтак званага «русского мира». Масква выходзіць на гістарычныя межы. Яна ў 1939 годзе забрала тое, што ёй належыць, у гэтым сэнсе падкідваецца беларусам ідэя, што вы атрымалі Заходнюю Беларусь, але разам з тым вы атрымалі тыя тэрыторыі, якія калісьці былі ў складзе Расейскай імперыі. Рэпрэсіўны апарат НКВД быў, але ж яны выконвалі адміністрацыйныя функцыі, барацьбу супраць крыміналу, выконвалі загад, як часта кажуць пра вайсковых злачынцаў з вермахту ці СС. Разам з тым было б лепей закрануць беларускі катынскі спіс, лёс амаль чатырох тысяч грамадзянаў Рэчы Паспалітай, пра якіх мы сёння нічога не ведаем.

Вялікая трагедыя не толькі для Польшчы, але і для Беларусі, бо там былі этнічныя беларусы. І пра гэта нічога не кажуць. Дакументы друкуюцца з Нацыянальнага архіву Беларусі, але гэтага мала. Пра Другую сусветную вайну пішуць, што забойцы Хатыні – украінцы, гэтак званыя бандэраўцы. Менавіта гэты ўкраінскі момант прасоўваюць. Але пакажыце звычайным людзям, далёкім ад гісторыі, што камандзірамі і вайскоўцамі былі былыя савецкія жаўнеры, афіцэры Чырвонай арміі, якія трапілі ў нямецкі палон і потым пайшлі служыць. Тут нават не важна, кім яны былі паводле этнасу. Гэта былі вайскоўцы, якія здрадзілі савецкай прысязе і пайшлі служыць да нацыстаў. Яны забівалі, сярод іх былі і немцы, і расейцы, мабыць, і беларусы.

Вы апублікавалі сваю новую кнігу «Верасень 1939-га. Магілы «неабʼяўленай» вайны». Пра што гавораць магілы жаўнераў 1939 года на тэрыторыі Беларусі?

Кніга была прысвечаная 80-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны і 80-й гадавіне з моманту абʼяднання Заходняй Беларусі і БССР. Магілы – гэта сведкі той вайны, якая адбывалася ў Беларусі і пра якую распавядалі як пра нейкі міратворчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, які суправаджаўся яблыкамі і кветкамі, што не было ніякіх баёў. Я паказваю праз савецкія і польскія вайсковыя пахаванні, што ад моманту мінання мяжы да Берасця і Беластоку ўвесь час былі баявыя дзеянні, спаленыя савецкія танкі, збітыя самалёты пад Баранавічамі. Гэта не былі тысячы людзей, але нават калі былі дзясяткі забітых на мяжы польскіх капаўцаў [Корпус аховы памежжа. – Заўв. рэд. belsat.eu] ці савецкіх памежнікаў, пахаваных у Верхнядзвінску, то гэта вялікая трагедыя, пра якую варта памятаць.

Я паказваю два бакі мяжы. Я паказваю трагедыю і чырвонаармейцаў, і жыхароў Заходняй Беларусі, польскіх вайскоўцаў, капаўцаў. Беларусы павінныя зразумець, што абʼяднанне далося вялікімі выпрабаваннямі, вялікаю кроўю, і пра гэта варта памятаць. Трэба прыходзіць з кветкамі да гэтых магілаў, шанаваць і польскіх жаўнераў, і савецкіх жаўнераў, бо падзеі 1941–45 гадоў сцерлі з нашай памяці гэтыя баі. Каб аднавіць іх, я выдаў кнігу. 18 лістапада ў Варшаве а 19:00 у Беларускім доме адбылася яе прэзентацыя.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 15.11.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў