Коля Лукашэнка даў першае ў жыцці інтэрвʼю 11-гадоваму журналісту з Расеі


Яўген Грышын з-пад Уладзівастока спецыяльна прыехаў да малодшага сына кіраўніка Беларусі.

Сюжэт пра сустрэчу выйдзе 25 снежня а 18:05 на канале «Беларусь 1». У суботнім выпуску «Панарамы» распавялі пра юнага журналіста з пасёлку Арцёмаўскі і некаторыя падрабязнасці сустрэчы.

Яўген марыў зрабіць сюжэт пра Беларусь. Гэта яго першая міжнародная камандзіроўка. З кадраў «Панарамы» вынікае, што 11-гадовы госць з Расеі пабываў на ёлцы ў прэзідэнцкім Палацы Рэспублікі і сыграў у хакей з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама Коля пакатаў журналіста на электракары, вучыў стаяць на лыжах, паказаў прэзідэнцкую ферму і даў пакаштаваць малака. Між іншага, Яўген спытаў Колю, ці той хоча стаць пераемнікам свайго бацькі.

Упершыню свет пабачыў Колю, калі яму было 3-4 гады. З тых часоў ён сістэматычна суправаджаў бацьку падчас замежных візітаў ды афіцыйных спатканняў. Хоць нельга не заўважыць, што апошнім часам ён з’яўляецца ў аб’ектывах тэлекамер усё радзей.

Хлопца не было побач з бацькам ні падчас травеньскага візіту Лукашэнкі ў Казахстан і Узбекістан, ні падчас Усебеларускага народнага сходу, ні ў фінале конкурсу «Міс Беларусь–2016», ні нават падчас адзначэння Дня Незалежнасці, дзе ён раней, традыцыйна, у вайсковай форме, прымаў парад на трыбуне разам з галоўнакамандуючым. Акрамя сустрэчы з амерыканскім акторам Стывэнам Сігалам і  на выбарчым участку з бацькам падчас парламенцкіх выбараў Лукашэнка-малодшы амаль ані разу за ўсё лета не зʼявіўся на публіцы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў