Куды знік Коля Лукашэнка?


Беларускія ды расейскія медыі некалькі месяцаў бʼюць у набат. Знік малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі – Мікалай. Хлопца не было побач з бацькам ні падчас траўневага візіту Лукашэнкі ў Казахстан і Узбекістан, ні падчас Усебеларускага народнага сходу, ні ў фінале конкурсу «Міс Беларусь–2016», ні нават падчас адзначэння Дня Незалежнасці, дзе ён раней, традыцыйна, у вайсковай форме, прымаў парад на трыбуне разам з галоўнакамандуючым.

Мікалаю не падабаюцца калгасы і заводы

«Гады ідуць, хлопчык ужо не дзіця а падлетак і гэта той узрост калі ўжо характар зʼяўляецца. Я думаю што Мікалай проста не хоча паўсюль зʼяўляцца з бацькам. Ён пачаў выбіраць мерапрыемствы дзе яму цікава, яму ж не цікава ездзіць па калгасных палетках і заводах, сядзець на сумных нарадах», – патлумачыла Святлана Калінкіна, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Мінакі супраць Колі ў экране

Прэс-сакратар Аляксандра ЛукашэнкіНаталля Эйсмант – другі раз за апошнія 3 месяцы вымушаная тлумачыць доўгую адсутнасць малодшага сына Лукашэнкі – Мікалая – побач з бацькам. «Мікалай – школьнік, а не медыйная персона», – зазначае Эйсмант у інтэрвʼю радыё «Говоріт Москва». Ды хіба хітруе, бо раней школа ніяк не перашкаджала малодшаму Лукашэнку быць у цэнтры ўвагі прэсы.

«Ні аднаго праверанага факту, а толькі нейкія высновы. Мікалай на самой справе знаходзіўся з бацькам у замежных паездках гэтым летам. Зусім нядаўна, як вы кажаце, у медыйнай прасторы ён зʼявіўся падчас сустрэчы з вядомым амерыканскім акцёрам, на парадзе ён таксама знаходзіўся. Так, яго не было на конкурсе «Міс Беларусь». Але, шчыра кажучы, мне дзіўна, што ў кагосьці з гэтай нагоды пытанні ўзнікаюць», – заявіла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі.

А пытанні ёсць. Пасля заўсёднай прысутнасці Мікалая ў афіцыйнай беларускай медыяпрасторы ён раптоўна знікае, а заява Эйсмант ніяк не тлумачыць таго факту, што акрамя сустрэчы з амерыканскім акторам Стывэнам Сігалам Лукашэнка-малодшы амаль ані разу за ўсё лета не зʼявіўся ў абʼектывах тэле- ды фотакамераў. Можа, прычына – гэта неспрыяльная грамадская думка?

Апытаныя «Белсатам» мінакі ўсцяж негатыўна выказаліся адносна медыйнасці Колі Лукашэнкі. «Гэта непрыгожа», «раздражняе», «гэта камічна» – найбольш частая рэакцыя на публічнасць малодшага сына кіраўніка Беларусі.

Дык калі ёсць такая незадаволенасць з удзелу Мікалая Лукашэнкі ў афіцыйных палітычных імпрэзах, адкуль жа столькі шуму, калі ён перастае на іх прысутнічаць?

Лукашэнка супакоіў «заклапочаных»

«Смерць Іслама Карымава ва Узбекістане зноў паставіла пытанне а хто ж прыйдзе на змену? Лукашэнку, Назарбаеву, Пуціну? Што тычыцца Беларусі то тут часта кажуць што магчыма Коля будзе на троне пасля сыходу бацькі, то таму так і ўсплыла гэтая тэма», – упэўненая Святлана Калінкіна.

Каб паставіць кропку ў гэтай справе, слова сёння ўзяў уласна Аляксандр Лукашэнка.

«Усе клапоцяцца, куды знік малодшы сын, я абавязкова з малодшым сынамі прыйду, усе клапоцяцца рэзка, я ж усялякі бруд чытаю, асабліва расейцы клапоцяцца, таму ўсё будзе як звычайна, прыйду і дзеці прагаласуюць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што тут дадаць, засталося дачакацца нядзелі.

Ігар Кулей, фота – TUT.BY

Стужка навінаў