Менчукі пра Колю Лукашэнку: Лепш, каб была першая лэдзі


Як беларусы ставяцца да таго, што малодшы сын кіраўніка Беларусі часта суправаджае Аляксандра Лукашэнку падчас замежных візітаў ды афіцыйных спатканняў, запыталіся карэспандэнты «Белсату» ў Менску.

Беларускія ды расейскія медыі некалькі месяцаў бʼюць у набат. Знік малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі – Мікалай. Хлопца не было побач з бацькам ні падчас траўневага візіту Лукашэнкі ў Казахстан і Узбекістан, ні падчас Усебеларускага народнага сходу, ні ў фінале конкурсу «Міс Беларусь–2016», ні нават падчас адзначэння Дня Незалежнасці, дзе ён раней, традыцыйна, у вайсковай форме, прымаў парад на трыбуне разам з галоўнакамандуючым. Адсутнасць Колі Лукашэнкі вымушаная тлумачыць прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі – Наталля Эйсмант. Сам кіраўнік Беларусі таксама выказаўся ў гэтай справе і паабяцаў прыйсці з сынам на выбарчы ўчастак 11 верасня.

А ці падабаецца беларусам тое, што Коля Лукашэнка стаўся адной з самых вядомых публічных персонаў у Беларусі?

Відаць, некаторыя ў Беларусі цішком зайздросцяць краінам, дзе ёсць першая лэдзі, бо шмат хто з апытаных падкрэсліў, што замест Колі Лукашэнкі хацелі б бачыць на ўрачыстых прыёмах жонку лідара Беларусі.

«Мабыць, трэба, каб была ўсё ж нейкая першая лэдзі ў нашай краіне. Яго (Мікалая Лукашэнку – рэд.) можна браць з сабой, але на прыёмы мусіць кіраўнік краіны ісці, альбо з першай лэдзі», – выказаўся спадар.

Іншы мужчына не бачыць нічога кепскага, што Коля вельмі часта зʼяўляецца на публіцы з кіраўніком Беларусі. «Дай Бог, каб кожны так любіў свайго сына», – падкрэсліў мянчук.

Больш адказаў – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў