Паўночная Карэя «распламбавала» ракетны палігон «Sahoe», які не працаваў са жніўня 2018 года, паведамляе аналітычны цэнтр «Beyond Parallel».
Гэтую інфармацыю пацвердзілі здымкі са спадарожнікаў і разведка Паўднёвай Карэі. На здымках бачныя два будаўнічыя краны і будаўнічыя матэрыялы. «Beyond Parallel» адзначае, што са стартавай пляцоўкі палігона знялі ахоўнае пакрыццё.
У амерыканскім аналітычным Цэнтры Стымсана мяркуюць, што працы пачаліся ў перыяд з 16 лютага па 2 сакавіка. У Цэнтры даследаванняў нераспаўсюджання ядравай зброі імя Джэймса Марціна адзначаюць, што працы на палігоне пачаліся яшчэ напярэдадні сёлетняй сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і лідара КНДР Кім Чэн Ына ў В’етнаме.
Паводле «The Sunday Times», сёлетні саміт лідараў КНДР і ЗША скончыўся датэрмінова праз тое, што Кім Чэн Ын адмовіўся закрыць сакрэтнае прадпрыемства па абагачэнню ўрану.
ЮВ, belsat.eu