Класкоўскі: «Гэта ўжо грамадзяне вольнай краіны». Ці пойдуць улады на дыялог?


Пратэсты ля станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

Сваім бачаннем найбліжэйшай беларускай будучыні падзяліўся з «Белсатам» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле эксперта, адзіны слушны шлях развязання цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі – гэта дыялог між уладамі і пратэстоўцамі.

«Альтэрнатывы дыялогу няма, бо спіраль гвалту – гэта тупіковы шлях. Мы бачым, што напачатку пратэсты, выхады на вуліцу былі выключна мірнымі. На мой погляд, ва ўлады не было патрэба патрэбы ўжываць такія брутальныя сродкі, тое, што раней не ўжывалася: гумовыя кулі, вадамёты, слезацечны газ і гэтак далей. Гвалт правакуе гвалт у адказ», – падкрэсліў спадар Класкоўскі.

Як мяркуе адмысловец, улады ўсё ж настроеныя на тое, каб здушыць сёлетнія пратэсты сілавым чынам.

«Кіраўніцтва краіны псіхалагічна негатовае да дыялогу. Яно негатовае нават прызнаваць народ суб’ектам палітыкі. Хаця, мне здаецца, мінулая выбарчая кампанія і гэтыя дні паказваюць, што беларусы сталі палітычнай нацыяй. Гэта ўжо не тыя постсавецкія людзі, гэта ўжо грамадзяне вольнай краіны, якія хочуць абіраць сваю ўладу. Але ўлада не хоча абірацца, яна хоча ўтрымліваць статус-кво любой цаной», – адзначыў палітычны аглядальнік.

Развіццё падзей у Беларусі ідзе незалежна ад асобы Святланы Ціханоўскай, якая выехала з Беларусі, і ейнага штабу, заўважыў спадар Класкоўскі. Падчас пратэстаў людзі самаарганізуюцца, а ўсе пратэстныя акцыі дэцэнтралізаваныя.

Hавiны
Святлана Ціханоўская з’ехала ў Літву. Яе вывезлі беларускія ўлады
2020.08.11 10:07

Разам з тым эксперт мяркуе, што падставаў для Аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі ўсё ж няма, бо для такога павароту падзей павінен быць нейкі раскол у эліце, ваганні сярод сілавікоў, а беларускі рэжым застаецца кансалідаваным.

«Сілавікі спраўна выконваюць усе загады, дзейнічаюць жорстка, без ваганняў, таму, натуральна, гэтыя пратэсты ўсё ж асуджаныя на паразу. І ў гэтым плане – вось тут і цяпер – улада вырашыць свае задачы, але ў Аляксандра Лукашэнкі няма адказу на галоўнае пытанне: як краіне развівацца», – падкрэсліў адмысловец.

На думку Аляксандра Класкоўскага, фармат вулічных закалотаў не мае нейкай перспектывы, бо гэтак нельга перамагчы магутны сілавы кулак уладаў. Аднак канфлікт між уладамі і часткай грамадства застанецца, а кіраўніцтва краіны цяпер апынулася перад беспрэцэдэнтным выклікам.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

«І тут два шляхі. Канешне, найлепшым шляхам была б нейкая плаўная трансфармацыя рэжыму, – тое, да чаго заклікае сёння штаб Ціханоўскай, – мірная перадача ўлады народу. Натуральна, Лукашэнка нікому не збіраецца перадаваць уладу, але найлепей было б для яго, для ягонага атачэння, для ўсёй вертыкалі, пайсці на нейкія варыянты плаўнай трансфармацыі, на рэформы ў эканамічным і палітычным плане. Але гэта таксама вельмі праблематычна, таму што кіраўнік рэжыму баіцца, што ўсё абрынецца, рухне ягоная ўлада. Я не бачу ніякага добрага выйсця з гэтай сітуацыі, таму што і людзі, якія хочуць пераменаў, не супакояцца, таму я проста прадбачу пасля нейкага перыяду фрустрацыі ўсё ж такі новыя хвалі пратэстнага руху. Тут улада альбо будзе вымушаная мяняцца, або гэта прывядзе да нейкіх самых непрадказальных наступстваў», – лічыць знаўца.

Фота
На месца гібелі менчука нясуць кветкі, праходзіць стыхійная акцыя памяці
2020.08.11 14:52

Паводле адмыслоўца, на шляху дыялогу ў Беларусі мусіць быць абвешчаная пэўная праграма пераўтварэнняў. Другі крок – гэта спыненне брутальных дзеянняў сілавікоў, якія даходзяць да маразму, ганяючыся за людзьмі на вуліцах, пераследуючы асобных мінакоў і раварыстаў.

«Прадэманстраваць добрую волю і гатовасць да пераменаў – вось гэта было б, калі агульна фармуляваць, найлепшым крокам з боку ўлады, а не металёвая рыторыка, што гэта «купка адмарозкаў, якіх мы задушым», – падкрэсліў спадар Класкоўскі.

Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Руслан Серадзюк

Затрыманне вагнераўцаў у Беларусі эксперт назваў парадаксальнай сітуацыяй, калі, здавалася б, «Крэмль павінен быў бы скрыгатаць зубамі». Крэмль глядзеў на гэтыя падзеі паблажліва, разумеючы, што Лукашэнку патрэбны гэты перадвыбарны спектакль, каб паказаць, што існуе знешняя пагроза, што толькі ён зможа ўтрымаць сітуацыю. Цяпер жа, калі пік кампаніі прайшоў, то і сам Лукашэнка ўжо даў зразумець, што ён гатовы аддаць Пуціну гэтых баевікоў.

«Патрэбныя адзін аднаму гэтыя два аўтарытарныя правадыры. Гэта ёсць такое выслоўе расейскае: «ворон ворону глаз не выклюет». Таму пры ўсіх цёрках, пры тым, што яны вельмі недалюбліваюць адзін аднаго, яны ж адзін за аднаго і трымаюцца. Калі ж пахіснецца ці ўпадзе адзін рэжым, то пахіснецца і другі», – заўважыў палітычны аглядальнік.

Hавiны
«Вельмі непрыемны факт». Кіраўнік Савету бяспекі распавёў аб захадах, пасля затрымання баевікоў «Вагнера»
2020.07.29 22:51

Па выніках сёлетняй выбарчай кампаніі ды пратэстаў дачыненні Менску з Захадам пагоршацца, прадракае адмысловец. Гэта ж вельмі спрыяльна для Масквы. «Аслаблены Лукашэнка, які страціў легітымнасць у вачох заходнікаў і значнай часткі ўласнага народу, – гэта такі падарунак для Масквы, каб яго даціскаць з дарожнымі мапамі паглыблення інтэграцыі», – адзначыў спадар Класкоўскі.

ВШ, belsat.eu

Стужка навінаў