Кітай уводзіць контрмеры у адказ на мыты з боку ЗША


З 10 траўня ЗША паднялі мыты на кітайскія тавары з 10 % да 25 %. У адказ Пекін прыме неабходныя меры на дзеянні Вашынгтона. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства гандлю КНР, піша RBC.

«Кітай глыбока шкадуе, што яму прыйдзецца прыняць неабходныя контрмеры», – заявілі ў міністэрстве.

У ведамстве адзначылі, што адзінаццаты раўнд гандлёвых кансультацыяў Вашынгтона і Пекіну працягваецца. У сувязі з гэтым «ёсць надзея, што амерыканскі і кітайскі бакі будуць працаваць разам для вырашэння існых праблемаў пры дапамозе супрацы і кансультацыяў».

10 траўня набыло моц рашэнне Доналда Трампа пра павышэнне мытаў на кітайскія тавары з 10 % да 25 %. Яно закране тавары ў аб’ёме да 200 мільярдаў долараў. Упраўленне гандлёвага прадстаўніка ЗША павінна будзе вызначыць, для якіх тавараў з КНР могуць быць зроблены выключэнні.

Прэзідэнт ЗША тлумачыў гэтае рашэнне неабходнасцю дадатковага ціску на Пекін напярэдадні гандлёвых перамоваў.

«Паглядзім, чым яны завершацца, але я вельмі рады, што новыя мыты папоўняць амерыканскі бюджэт. Выдатна для ЗША, нядобра для Кітаю», – сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Рашэнне Трампа выклікала незадаволенасці Пекіну. Газета «The Wall Street Journal» 6 траўня паведамляла пра тое, што ў Пекіне дапускаюць адмову ад гандлёвых перамоваў з-за павышэння мытаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў