«Каронавірус давядзе да разводу!» Мужчына прыехаў з РФ з сімптомамі COVID-19, у больніцы адмовілі ў тэсце


Праўдзівая жыццёвая меладрама разгортваецца ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Мясцовы жыхар вярнуўся з заробкаў, аднак не здолеў трапіць дамоў. Жонка праз небяспеку заражэння каронавірусам пабаялася пускаць яго да дзяцей і папрасіла зрабіць тэст. Мужчына дамагаўся яго і ў Магілёве, і ў родным мястэчку, але яму адмовілі нават за грошы. Вольга распавяла «Белсату» пра складаныя стасункі ў часе эпідэміі каронавіруснай інфекцыі, якая можа давесці да разжэнства.
Жыхарка Клімавічаў Вольга працуе на лікёра-гарэлачным заводзе і выхоўвае траіх дзяцей. Ейны муж Анатоль зарабляе на будоўлі ў Маскве. Праз эпідэмію і закрыццё будаўнічых пляцовак наймальнік прыпыніў працу ды адправіў работнікаў дадому. Паводле Вольгі, уся брыгада мужа захварэла, у яго таксама падымалася тэмпература. Прыехаўшы ў Магілёў, ён адразу ў медпункце спытаў, дзе можна зрабіць тэст. У інфекцыйным шпіталі медсёстры сказалі, што тэстаў без сімптомаў не робяць, а платных няма.

«Як няма сімптомаў, калі ён кантактаваў з хворымі і вярнуўся з тэмпературай? У Клімавічах таксама сказалі, што тэсту рабіць не будуць. Па горадзе вісяць плакаты «Вярнуліся з-за мяжы, званіце, зробім тэст», я пазваніла на гарачую лінію, а мне кажуць: не званіце сюды, нельга. А яму сказалі самаізалявацца на чатырнаццаць дзён, запісалі адрас, маўляў, будуць кантраляваць», – распавядае Вольга.

Hавiны
«Памерла ў шпіталі, у даведцы напісалі – дома». У Клімавіцкай больніцы хаваюць каронавірус?
2020.04.24 17:42

Жанчына абураецца, што часу мінула больш за тыдзень і ніхто нават не пацікавіўся, дзе цяпер ейны муж. Сама Вольга пабаялася пускаць Анатоля дамоў, бо ў пары трое малых дзяцей, летась у аднаго з іх была пнеўманія. Жанчына адправіла мужа на лецішча:

«Там няма ўмоваў для нармальнага жыцця, холадна, няма ацяплення, можна тую пнеўманію падхапіць. Ні ад каго ніякай дапамогі, ніхто не правяраў, ані ўчастковы ані хуткая не прыехалі. Невядома, у ізаляцыі ён ці не, жывы ці не. Па тэлевізары кажуць пра тысячы тэстаў, а насамрэч усім на нас пляваць. Мы пасварыліся. Гэты каронавірус да разводу нас давядзе».

«Сем дзён чакаю, ніхто не правяраў»

Анатоль хацеў вярнуцца дадому, прыехаў уначы і пачаў ламацца ў дзверы, крычаць, што здаровы. Вольга не адчыніла, сказала, што без тэсту не пусціць. Не вытрымаўшы на лецішчы, мужчына быў вымушаны пайсці да бацькоў у горад. Вольга баіцца, што праз нядбайнасць мясцовых органаў аховы здароўя ён можа заразіць шмат людзей.

Нашую суразмоўцу змусілі ўзяць незапланаваны адпачынак. Жанчына кажа, што паўсюль пачаўся псіхоз, ейнае прадпрыемства не выключэнне. Кіраўніца Вольгі не верыць, што тая не сустракалася з мужам, і загадала ёй не хадзіць на працу:

«Я прасіла даць мне некалькі дзён за свой кошт, каб завезці яго ў шпіталь. Мне адмовілі, сказалі: ты сама ўсіх тут пазаражаеш, ідзі ў адпачынак, аплачвальны або неаплачвальны, няма розніцы. Давялося браць аплачвальны, бо мне ж траіх дзяцей карміць».

Таксама Вольга кажа, што ў школе, куды ходзіць ейны сын, адзін вучань пачуўся кепска ў сталоўцы: пачалася задышка, паднялася тэмпература. Выявілася, што ягоны бацька таксама вярнуўся з Расеі, але нікому не паведаміў:

«Школа замоўчвае гэты выпадак. Самі дзеці пыталі ў настаўнікаў, што здарылася, а тыя кажуць: проста прастуда. Сказалі тым, у каго кашаль, насмарк, у школу не хадзіць. А бальнічнага бацькам не даюць, каб дома сядзець з дзіцём».

Hавiны
«Усё – дзяржаўная таямніца». Як жывуць вёскі побач з Веснаўскім домам-інтэрнатам, які закрылі на каранцін?
2020.04.30 15:51

«Ад нас хаваюць праўду»

Анатоль распавёў belsat.eu, што дасюль жыве ў бацькоў і ніхто не цікавіўся станам ягонага здароўя. Жыхар Клімавічаў кажа, што сам штодня мерае тэмпературу сабе і бацькам, ніякіх лекаў не прымае. Адзінае, што яго непакоіць, гэта насмарк.

«Хіба ў мяне няма каронавіруса. Я ўжо сем дзён чакаю тэсту, жонка прасіла зрабіць мне тэст, але ўсе адмовіліся. Я ў краму не выходжу нават. Да дзяцей хачу вярнуцца».

У Клімавіцкай больніцы ад каментароў «Белсату» адмовіліся. Галоўны доктар Магілёўскага інфекцыйнага шпіталю Юрый Ярмоленка пракаментаваў адсутнасць тэстаў на каронавірус:

«З кожнай сітуацыяй трэба асобна разбірацца. Тое, што ў Магілёўскай вобласці не робяць тэстаў на платнай аснове на жаданне пацыентаў, гэта 100 %. Для тэсту мусяць быць падставы. Не кожнаму, хто вярнуўся з-за мяжы, трэба рабіць тэст».

Вольга ж кажа, што ў Клімавічах каронавірус ёсць. Двух чалавек з пацверджаным дыягназам прывезлі з Касцюковічаў, адну настаўніцу – з Крычэўскага раёну, яна прыехала з вучобы з Віцебску. Жанчыну ізалявалі, а пасля адправілі ў Магілёў. Суразмоўца дадае, што ад жыхароў усё хаваюць, ніхто не ведае, што адбываецца насамрэч, бо ўсім кажуць, што гэта не каронавірус, а звычайная пнеўманія.

Hавiны
70 % беларускіх медыкаў набываюць маскі за ўласныя грошы. Кожнаму чацвёртаму «заткнулі рот»
2020.04.30 17:02

ДР/ДЗ belsat.eu

Стужка навінаў