70 % беларускіх медыкаў набываюць маскі за ўласныя грошы. Кожнаму чацвёртаму «заткнулі рот»


Грамадскае аб’яднанне «Звено» паразмаўляла з сотняй медыкаў з розных рэгіёнаў Беларусі, каб зразумець, як сістэма аховы здароўя перажывае эпідэмію COVID-19.

У апытанні ГА «Звено» узялі ўдзел медыкі (больш за 100 асобаў) з Менску, Горадні, Магілёва, Віцебску, Менскай, Гарадзенскай і Гомельскай вобласцяў.

  • ГА «Звено» з’яўляецца арганізатарам фестывалю дакументальнага кіно «WATCH DOCS Belarus».

З уступных вынікаў апытання вынікае, што ў лютым/сакавіку амаль увесь медперсанал краіны атрымаў сродкі індывідуальнай абароны (СІА). Праўда, большасць апытаных медыкаў сцвярджае, што дзяржава выдала недастатковую колькасць СІА – 70 % удзельнікаў апытання набывалі СІА за ўласныя грошы.

«Мы бачым, што дзяржава намагаецца забяспечыць сваіх працаўнікоў СІА (напрыклад, 700 тысяч рэспіратараў было дастаўлена ў кароткія тэрміны пры падтрымцы EPAM і Wargaming, перапрафіліраванне прадпрыемстваў), аднак, гэта нельга назваць сістэмным вырашэннем пытання. Пры гэтым грамадзянская супольнасць і бізнес прадэманстравалі, што могуць рэальна падтрымаць дзяржаву ў барацьбе з эпідэміяй – 50 % лекараў адказалі, што атрымлівалі дапамогу ў выглядзе СІА ад грамадзянскіх ініцыятываў», – гаворыцца ў падсумаванні даследавання ГА «Звено».

70 % апытаных медыкаў не здавалі тэст на каронавірус, а тыя, хто гэта зрабіў, адзначаюць, што дабіліся права на тэст «з цяжкасцямі». «Некаторыя медыкі сцвярджалі, што тэст можна здаць толькі ў выпадку наяўнасці сімптомаў нават калі ў калегаў па аддзяленні пацвердзіўся каронавірус», – адзначаюць аўтары даследавання.

Акрамя таго, кожны чацверты сярод апытаных медыкаў атрымаў забарону або папярэджанне на «распаўсюд інфармацыі пра стан аховы здароўя (гаворка не пра персанальныя звесткі пацыентаў)».

Аўтары даследавання таксама звяртаюць увагу Мінздароўя на тое, што беларускія медыкі не маюць інструментаў уплыву на працу сістэмы аховы здароўя. Так думаюць 80 % медыкаў, якія пагадзіліся адказаць на пытанні ГА «Звено». 90 % з іх запэўніваюць, што не атрымлівалі загадаў ставіць пацыентам вызначаныя кімсьці дыягназы. 95 % апытаных кажуць, іх не прымушалі хаваць ад родных якую-кольвек інфармацыю пра хворых.

ГА «Звено» таксама праводзіць збор інфармацыі пра тых, хто перабалеў COVID-19. Адмысловая анкета па спасылцы.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў