Канстытуцыя з пасінелых пальцаў

Лукашэнка абяцае нам новую Канстытуцыю. Маўляў, зараз я перакрою той трышкаў кафтан, які перакройваў дасюль ужо тройчы, Ліда «80%» падлічыць галасы, і я спакойна сыду.

Нельга.

Нельга дапусціць гэтага.

Мітынг дзеля падтрымання дзейнай улады ля Дому ўраду. А. Лукашэнка кланяецца перад народам. 16 жніўня 2020. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Канстытуцыя сапраўды мусіць прымацца народам Беларусі. Але ўжо пасля сыходу гэтага чалавека. Пасля сапраўды адкрытага абмеркавання і сумленнага галасавання. І, вядома, з улікам погляду ўсяго народу – улучна з думкаю канчаткова, як мне падаецца, ашалелага жодзінскага мэра, які сцвярджае, насуперак відавочнаму, што ў горадзе Жодзіне Лукашэнка атрымаў 66 % галасоў. Ён таксама частка народу.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Лукашэнка спрабуе застацца не дзеля новай Канстытуцыі і нават не дзеля пераемніка, якога б цяпер з задавальненнем навязаў усім нам. Ён не паспеў падрыхтавацца. Рахункі ў банках яшчэ не перааформленыя. Фірмы ў Афрыцы (дарэчы, дзе цяпер Шэйман?) яшчэ чакаюць свайго рэальнага гаспадара. І кожны лішні дзень патрэбны яму менавіта для гэтага. Памятаеце, як перад уцёкамі з Кіева Віктара Януковіча імкліва пусцела ўкраінская казна? Тое ж Лукашэнка рыхтуе і ў нашай краіне.Наўзамен ён пакіне нам васямнаццаць рэзідэнцыяў (гэта – на шэсць вобласцяў!) і Палац незалежнасці – сімвал пустэчы сягонняшняй улады, куды можна будзе працягваць вадзіць экскурсіі, дэманструючы ненасытнасць кіраўніка, які працягвае пачарнелымі – не пасінелымі нават, а пачарнелымі – пальцамі трымацца за крэсла. Яшчэ паўгода таму – ды што там, два месяцы таму ён казаў:

– Калі народ пажадае, я сыду.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў: МАЗ, МЗКЦ і інш. Работнікі ходзяць па Менску і збіраюць калегаў. 17 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў: МАЗ, МЗКЦ ды інш. Работнікі ходзяць па Менску і збіраюць калегаў. 17 жніўня, 2020. Менск, Беларусь. Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.euНарод пажадаў. Ён прыляцеў, наш карлсанападобны, у верталёце на МЗКЦ – каб не стаяць у заторах і не чуць пагардлівых сігналаў спыненых на ягоным шляху аўтамабіляў. Прыляцеў, як ён сказаў, адзін – у суправаджэнні дзвюх соцень ахоўнікаў (вось такая вось у яго адзінота, вось так вось ён не баіцца рабочых). Упершыню за шмат гадоў яму давялося пакантактаваць з рэальнымі рабочымі, а не з сабранымі трыма дзясяткамі маўклівых людзей у халатах пад наглядам заводскага ідэолага. Памятаеце ягоную рэакцыю на аднаго з удзельнікаў сустрэчы?

– Прыбяры тэлефон!

Правільна. Ён жа разумеў, што зараз застанецца ў інтэрнэце. Свіст, крыкі «Сыходзь!» – і стары баязлівы чалавек, які, аднак, губляе чалавечае аблічча.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. МАЗ, МЗКЦ і інш. 17 жніўня, 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Вам трэба ягоная Канстытуцыя? Мне трэба толькі ягоны мірны сыход. Добраахвотны сыход. Нават не адстаўка. Ён ужо адстаўлены на выбарах, што б там ні пляла ягоная падзельніца, якая, у адрозненне ад яго, ніколі не будзе мець імунітэту і дакладна трапіць пад суд.

Пад суд, на якім ён будзе – у найлепшым для яго выпадку – сведкам і будзе цвердзіць:

– Але ж старшыня ЦВК абвесціла мяне прэзідэнтам і ўручыла мне пасведчанне!

Няхай сыходзіць.

Забастоўка супрацоўнікаў АНТ і СТБ. 17 жніўня 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Можа быць, у верталёце ён зможа разагнуць скурчаныя пальцы, каб кроў адліла ад іх і чарната сышла.

Але Канстытуцыя ад яго? Не. Гэта будзе ганьба нашага народу. Досыць.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў