Канстанцінопальскі патрыярхат: Беларуская царква можа атрымаць аўтакефалію, калі дзяржава папросіць


У інтэрв’ю ўкраінскай рэдакцыі Бі-Бі-Сі прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярха пры Сусветнай радзе цэркваў архіепіскап Іоў (Геча) не выключыў магчымасці надання аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве.

«Разумееце, чаму ва ўкраінскім пытанні была важнай каардынацыя паміж царквой і дзяржавай? Без жадання дзяржавы мець аўтакефальную царкву ва Украіне Усяленскі патрыярхат не мог бы дзейнічаць, бо 17-е правіла Чацвёртага Усяленскага сабору кажа, што царкоўнае кіраванне павінна трымацца дзяржаўнай адміністрацыі», – патлумачыў архіепіскап.

Прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярха адзначыў, што ва Усяленскі патрыярхат, ні ад беларускай дзяржавы, ні ад беларускай царквы пакуль ніхто наконт аўтакефаліі не звяртаўся.

11 кастрычніка Святы Сінод Канстанцінопальскай царквы пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Таксама Канстанцінопальскі патрыярхат адмяніў акт 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскве і абвесціў, што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы. На гэтыя рашэнні РПЦ адказала разрывам еўхарыстычных зносінаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

ЮВ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў