Кампанія «Янгпур» будзе пастаўляць нафту ў Беларусь


Даччыная кампанія дзяржаб’яднання «Беларуснафта» – кампанія «Янгпур», якая вядзе здабычу нафты ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расеі, пераарыентуе пастаўкі нафтавай сыравіны на Беларусь. Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у «Белнафтахіме».

«Кампанія «Янгпур» цяпер пераарыентаваная на пастаўкі нафты ў Беларусь, свае абʼёмы яна будзе накіроўваць на беларускі рынак», – сказаў прадстаўнік канцэрну.

«Беларуснафта» набыла НК «Янгпур» у 2013 годзе за $ 112 млн. У актыве кампаніі шэсць радовішчаў (на пяці вядзецца распрацоўка). Рэалізацыя нафты вядзецца праз сістэму «Транснафты».

Аб’емы здабычы нафты ў кампаніі невялікія. Напрыклад, летась «Янгпур» здабыў 206 тысячаў тонаў, а ў 2018 годзе – 193 тыс. т.

  • Масква і Менск у канцы мінулага года не змаглі заключыць кантракты на пастаўкі нафты. Раней кошт нафты для Беларусі разлічваўся па формуле «рынкавы кошт + прэмія пастаўшчыкам». Аднак з улікам рэалізацыі Расеяй чарговага этапу падатковага манеўру кошт расейскай нафты для Беларусі вырас (паводле ацэнак «Белнафтахіму», цяпер цана складае каля 83% ад сусветнай). У гэтых умовах Менск палічыў старую нафтавую формулу несправядлівай і плаціць прэмію адмовіўся. Крэмль на саступкі Лукашэнку не пайшоў і з 1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты на беларускія НПЗ, што прывяло да зніжэння загрузкі вытворчых магутнасцяў.
  • 4 студзеня нафту на беларускія НПЗ пачалі пастаўляць кампаніі алігарха Міхаіла Гуцырыева, які сябруе з Лукашэнкам. Аднак Менск дагэтуль не дасягнуў дамоўленасцяў з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі («Роснефть», «Сургутнефтегаз», «Газпромнефть»), а кампаніі Гуцырыева, на думку экспертаў, здольныя паставіць Беларусі ў 2020 годзе толькі каля 3 мільёнаў тон нафты (пры тым, што беларускі бок планаваў закупіць 24 млн).
  • У студзені ў Беларусь было пастаўлена толькі 500 тысяч тон расейскай нафты – адна чвэрць з таго, што планавалася.
Hавiны
Лукашэнка распавёў, дзе збіраецца знайсці замену расейскай нафце
2020.02.14 15:58

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў