Падчас візіту ў Светлагорск Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупы нафты, «каб кожны год 31 снежня ў дванаццаць гадзінаў ночы не стаяць на каленях». Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Паводле Лукашэнкі, Беларусь прапрацоўвае пытанне паставак нафты з ЕЗ рэверсам па адной з галінак нафтаправода «Дружба».
«Мы цяпер з Гданьску (купім у Саудаўскай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі) паставім па трубе», – расказаў ён. Тады ўжо не Расея будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь пампаваць з Еўропы.
Для паставак таксама задзейнічаюць балтыйскія парты. Тут могуць дапамагчы Злучаныя Штаты.
«Я прыбалтам прапаную: мы можам купіць нафту на Балтыцы, запампаваць праз Літву ці Латвію (як дамовімся), перапрацуем і забяспечым увесь прыбалтыйскі рэгіён», – раскрыў схему Наваполацкага НПЗ Лукашэнка.
Такім жа чынам зможа працаваць і завод у Мазыры: нафта да яго паступіць праз Чорнае мора, а прадпрыемства затым забяспечыць сваёй прадукцыяй Украіну і часткова краіны Еўразвязу.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расейскім нафтавым кампаніям, тым больш раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.
«Мы не просім танную нафту. Мы купім па сусветнай цане і перапрацуем. І гэта выгадна для кампаніям», – заявіў ён.
Апроч таго, кіраўнік краіны выказаўся адносна апошніх беларуска-расейскіх перамоваў: «У Сочы мы дамовіліся, што ўрад Расеі і асабіста намеснік кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Козак будуць кантраляваць гэтае пытанне і дапамогуць нам дамовіцца. Гэта значыць пайшоў сігнал: калі Беларусь з кімсьці дамаўляецца, дапамажыце па трубе ім паставіць гэтую нафту з Расеі.
Я нікога не шантажаваў, сказаў: калі з Расеі не будзе пастаўлена нафты ў патрэбных абʼёмах (у студзені яны паставілі ўсяго 500 тыс. т – 1,5 млн т недапаставіў), мы пачнем адбор з транзітнай трубы.
Праз краіну на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн т нафты. І яны не маюць ніякіх праблемаў. Мы добрасумленна, сумленна качаем гэтую нафту. Памятаеце летам брудную нафту? Да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод »Дружба«. Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць», – цытуе Лукашэнку БелТА.
ІІ belsat.eu