Каля Горадні зубра пераехалі двойчы, ён загінуў, кіроўцам пагражае буйны штраф


1 студзеня каля 18:30 на аўтадарозе Горадня – Азёры пасля сутыкнення з двума аўтамабілямі загінуў зубр. Кіроўцы не пацярпелі. А вось транспартныя сродкі атрымалі значныя пашкоджанні, і верагодна, адрамантаваць іх не ўдасца.

Сутыкненне з буйной жывёлінай адбылося паблізу вёскі Стрыеўка на Гарадзеншчыне. Зубр выйшаў на аўтадарогу. Кіроўца аўтамабіля Форд спрабаваў спыніць аўто, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Пасля ўдару жывёліна паднялася і працягнула рух. У гэты час з боку Азёраў ехаў Опель. Кіроўца гэтага аўто таксама не здолеў пазбегнуць сутыкнення. Пасля другога ўдару зубр памёр на месцы.

ДТЗ адбылося на ўчастку дарогі, дзе ўсталяваныя папераджальныя знакі. За забойства буйной жывёліны штраф для кіроўцаў складае 400 базавых велічыняў. Аднак, паколькі зубр унесены ў Чырвоную кнігу, то сума павялічваецца ў тры разы – да 1200 базавых велічынь (30,6 тысячаў рублёў, ці амаль 14,3 тысячаў долараў у эквіваленце). Пастановай Саўміну мікрапапуляцыі зуброў нададзены розны статус: для зуброў, якія жывуць у запаведніку і нацыянальных парках – статус асноўнага (страхавога) генафонду, а для зуброў, якія жывуць на іншых тэрыторыях – рэзервовага генафонду. Ад таго якое рашэнне прыме ДАІ да якой папуляцыі адносіцца загінулы зубр, будзе залежаць памер штрафу.

СВК «Азёры» разводзіць зуброў з 1999 году. Цяпер пагалоўе тут складае амаль 200 зуброў, гэта адна з самых буйных папуляцыяў гэтых жывёлаў у Беларусі. Усе зубры на вольным выпасе, і цалкам магчыма, што яны могуць выходзіць да дарогі. Гэта дзікія жывёлы, якія не абмежаваныя вальерамі.

Hавiны
Аварыя на чыгунцы ў Даніі: загінулі не менш за 6 чалавек
2019.01.02 16:12

СК, belsat.eu

Стужка навінаў