Аляксандр Фядута Калі Шуневіч можа спаць спакойна

паліткансультант

Фота «Белсат»

У цэнтры Менску, на пешаходнай вуліцы гэта значыць, там, дзе ва ўсім свеце гуляюць вандроўныя музыканты і выступаюць цыркачы-аматары затрымалі зорак беларускай сцэны. Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна. Ну, прыкладна, як калі б вырашыў сабрацца першы склад «Машыны часу», а іх не ў меру запаленыя ўнутраныя органы, так бы мовіць, «замялі».

Хаця куды там «Машыне»! Для суверэннай Беларусі гэта не «Машына», а, лічы, «бітлы». Вось іх і замялі. Для высьвятленьня асобаў.

Нявысветленыя асобы беларускай музыкі спакойна пагрузіліся ў чорны мікрааўтобус з таніраваным шклом, і, як зазначае БелаПАН, дадзены сродак перамяшчэння накіраваўся па вуліцы Рэвалюцыйнай у бок Плошчы Свабоды.

Гарадская тапаніміка, такім чынам, дадала сюррэалізму ў і без таго дзікую карціну. Яшчэ цікавей было б, хіба што, каб у Цэнтральны РАУС беларускай сталіцы прыбыў асабіста міністр Шуневіч. Каб пазнаёміцца ​​з нявысветленымі асобамі, зняць з іх адбіткі пальцаў і ўзяць аўтографы аб тым, што прэтэнзій да міліцыі яны не маюць і пятлю на шыю помніка гарадавому і яго сабачцы накідваць не будуць.

Уласна кажучы, гэта быў ужо другі дзень сюррэалізму, прымеркаваны і да выставы работ Сальвадора Далі ў Нацыянальным Мастацкім Музеі, і да Дня Волі. Таму што першы дзень прымусіў мяне ўспомніць пра іншае. Аб снежаньскім «хапуне» 2010 году.

Не, барані божа, я не пра колькасць схопленых! Сягоння часы крыху менш людажэрскія, і вяртацца ў той сцюдзёны снежань сама ўлада не занадта хоча. Я пра манеры.

Калі мяне і маіх калегаў па штабу Някляева, уключаючы нашага папярэдне збітага людзьмі ў цывільным кандыдата, павезлі ў пэўным кірунку, нашым блізкім не сказалі, куды нас вязуць. І калі жонкі пайшлі даведацца, дзе менавіта сядзяць іх мужы, то пачулі:

– Іх там няма.

Гэта значыць, нас «не было» ні ў КДБ, ні ў МУС. Толькі ўзняты бліжэй да аўторка міжнародны скандал вымусіў улады сказаць, што выкраданне Някляева з дзяржаўнай бальніцы, куды яго даставіла дзяржаўная служба хуткай медыцынскай дапамогі, аказваецца, было ўсяго толькі затрыманнем.

24 сакавіка 2019 года, увечары, сапраўды гэтак жа «усяго толькі затрымалі» Змітра Дашкевіча.

Дашкевич нашелся. Его могут судить в понедельник

Дашкевіч – чалавек дасведчаны, яму да затрыманняў не прывыкаць. Але ў яго двое дзяцей, а жонка, Наста, рыхтуецца нарадзіць трэцяга. І ёй не сказалі, хто і куды вязе мужа. Яна, вядома, разумніца, сама здагадалася, але пажадана было б ведаць напэўна. Каб не хвалявацца.

Хлопцы, а што вашыя жонкі сказалі б, будучы цяжарнымі, калі б вас павезлі невядомыя людзі ў цывільным у невядомым накірунку? Што сказала б нявестка міністра Шуневіча, калі б ёй сказалі, што яе свёкра выкралі? А ў Насты Дашкевіч былі ўсе падставы думаць менавіта так. Да дзесяці гадзін вечара, пакуль ёй не адказалі нарэшце, што яе верны і законны муж сядзіць на Акрэсціна.

Наогул-то за гэтыя гадзіны з цяжарнай жанчынай многае магло здарыцца. Хто адказваў бы? Міністр Шуневіч і яго падабаронныя? Думаю, адхрысціліся б.

Менск 25 сакавіка 2019 г. Фота «Белсат»

Я не заклікаю беларускіх заканадаўцаў пракантраляваць на прадмет законнасці дзеянні беларускай міліцыі. Па-першае, такіх паўнамоцтваў у іх няма; па-другое, законы пад гэтыя выпадкі падагнаныя. Але адну норму ўнесці ў закон было б пажадана. Гэта аб неадкладным афіцыйным паведамленні сям’і затрыманага аб затрыманні. Ёсць у ведамстве службовы тэлефон? Ёсць. Вось па ім дзяжурны ў межах пятнаццаці хвілін і апавяшчае спадарыню, скажам, Дашкевіч:

– Анастасія Уладзіміраўна, ваш муж у нас, у Цэнтральным (напрыклад) РАУС г. Мінска, пад абаронай закону. Не хвалюйцеся, калі ласка. Ён усё яшчэ жывы і нават асоба яго пры затрыманьні не пацярпела.

Гэта ж проста, праўда? І гэтага патрабуе элементарная чалавечнасць.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары