Ізраіль зробіць яшчэ адну спробу адпраўкі на Месяц касмічнага апарата пасля крушэння «Берэшыт»


Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу адзначыў, што дзяржава Ізраіль будзе надалей удзельнічаць у запуску на Месяц станцыі «Берэшыт-2», нягледзячы на катастрофу 11 красавіка падчас пасадкі касмічнага апарату «Берэшыт».

«Мы маем намер запусціць «Берэшыт-2». Дзяржава Ізраіль, якая ўдзельнічала ў запуску першага касмічнага апарата «Берэшыт», прыме ўдзел і ў запуску другога. Я спадзяюся, што другая спроба будзе паспяховай і мы сапраўды станем чацвёртай краінай, якая ажыццявіць штатную пасадку на Месяц. Мы будзем спрабаваць зноў і зноў, пакуль не дасягнем поспеху, і я лічу, што ў нас будзе больш шанцаў на поспех ужо ў другі раз», – прыводзіць выказванні Нэтаньягу яго канцылярыя.

Ізраільскі касмічны апарат «Берэшыт» разбіўся падчас пасадкі 11 красавіка. Морыс Кан, кіраўнік прыватнай ізраільскай кампаніі SpaceIL, якая кіруе місіі на Месяц, заявіў пра пачатак праекту «Берэшыт-2».

Пабудова першага апарата «Берэшыт» вялася ў межах конкурсу Google Lunar X Prize 8 гадоў таму. У сакавіку 2018 году ад праекту адмовіліся, аднак SpaceIL працягнула працу над апаратам, выдаткі склалі каля 100 мільёнаў долараў.

21 лютага кампанія SpaceX вывела «Берэшыт» на траекторыю палёту да Месяцу. 5 красавіка «Берэшыт» перайшоў на арбіту, а Ізраіль стаў сёмай краінай у свеце, апарат якой дасягнуў натуральнага спадарожніка Зямлі.

Hавiны
Першы ізраільскі месяцаход паспяхова адпраўлены да спадарожніка Зямлі
2019.02.22 07:38

СК belsat.eu паводле newsru.com

Стужка навінаў