Хацелі – пра кнігі, а пагаварылі пра Міхала


Першая ў краіне прэмія за вокладку – і адразу такая гучная: назва складаная, а імя творцы, якому яна прысвечаная, знаёмае, шмат каму – любімае. Сярод талентаў Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця летась, адным з самых яркіх быў талент сябраваць.

Як і да сваёй творчасці, паэт ставіўся да сяброў адказна: шанаваў, любіў, заўсёды думаў пра сяброў добра і не даваў іх крыўдзіць. Магчыма, таму ў дзень ягоных народзінаў 16 сакавіка чальцы журы прэміі імя Анемпадыстава, якія асабіста ведалі Міхала, з журбой і неўпрыкмет для сябе пераводзілі гутарку на яго. Міхала не хапае.

Hавiны
Абвясцілі шорт-ліст прэміі імя Міхала Анемпадыстава
2019.03.16 16:05

Адам Глобус, літаратар: «Міхал быў вялікі майстра, ён рабіў цудоўныя вокладкі»

– Міхал належаў ды таго тыпу творцаў, чыё жыццё было выбудавана выдатна – бо яно мае творчы працяг. Мала хто працягвае пасля смерці творчае жыццё, а Міхал – так. Гучаць яго песні, робяцца выставы, выходзяць кнігі, фотаальбомы. Гэта той чалавек, якога любілі сябры. Ёсць творцы, якіх прызначае дзяржава, нейкія структуры, а ёсць тыя, якіх проста любяць людзі. Любяць – і таму ўшаноўваюць іх памяць і хочуць, каб гэтае імя жыло і працягвала жыць.

Таму сябры сабраліся і вырашылі, што добра было б, каб была такая прэмія. Новая прэмія, якой не было ў Беларусі (і я не ведаю, ці існуюць такія прэміі ў свеце) – за лепшую вокладку. Міхал быў вялікі майстра, ён рабіў цудоўныя вокладкі, і ўсе пісьменнікі, каму ён зрабіў вокладку, яму ўдзячныя. І ведаеце, нечакана для сяброў журы і для арганізатараў прэміі, што шмат людзей захацела ў ёй паўдзельнічаць. Калі на прэмію Гедройца падаецца, скажам, 30 заявак, то тут было ў два разы больш.

ВІДЭА
З архіваў Белсату: Анемпадыстаў пра «Народны альбом»
2018.01.24 13:05

– Удзел у гэтым – мой абавязак. Ёсць пэўныя рэчы, якія ты абавязаны рабіць. І ёсць яшчэ сентыментальны элемент у гэтым. Бывае, што за табой ідзе маладзейшы сябра, і ты ўвесь час спадзяешся, што ён працягне калісьці твае справы. Ты разам з ім удзельнічаеш у рок-працэсе, пішаш тэксты для рок-гуртоў, працуеш з ім у камісійных крамах, як мы з Міхалам. І раптам здараецца такая драматычная сітуацыя – і гэта я вымушаны працягваць далей справы маладзейшага творцы. У гэтым ёсць пэўны драматызм, але гэта мой абавязак.

Hавiны
«Маё жыццё, маё юнацтва». Міхал Анемпадыстаў ва ўспамінах
2018.01.24 12:41

Артур Клінаў, дызайнер, літаратар: «Міхал быў сціплым, без зорнай хваробы»

– Мне прыгадваецца адзін праект, можа менш вядомы за іншыя яго праекты, але вельмі мне блізкі. Міхал шмат гадоў вывучаў драўляны Менск. Яго цікавіў не імперскі савецкі Менск і, нават не стары горад – Верхні горад, а менавіта амаль незаўважаны воку Менск драўляны. Ён фатаграфаваў яго, вывучаў, стараўся зафіксаваць тое, што непазбежна знікне. Падазраю, што ён бачыў у драўляным Менску душу і сэнс гэтага гораду. У нейкім сэнсе для мяне Міхал быў тым драўляным Менскам беларускай культуры – сціплым, без зорнай хваробы. Але ён быў яе душой і сэнсам.

Аднак, у адрозненні ад гарадоў, культурныя героі не знікаюць, пакуль жывуць іхныя творы і пакуль іх памятае культура. А каб памяць не слабела, і патрэбныя такія праекты як гэтая прэмія.

Дзмітрый Сурскі, старшыня Саюзу беларускіх дызайнераў: «Перадусім мы страцілі сябра»

16 сакавіка Міхалу споўнілася б 55 год. Для нас гэта вельмі вялікая страта. Ён у саюзе дызайнераў быў у складзе рады, шмат праектаў рабіў. Не паспелі мы, на жаль, зрабіць конкурс «Дызайн году», які існуе ва ўсіх суседніх краінах – гэта Міхал рыхтаваў гэты конкурс, гэта была слушная прапанова і слушны тэкст, зразумелы і вельмі якасны, як ён гэта ўмеў рабіць. Да ўсяго, за што браўся, ён ставіўся вельмі сур’ёзна, гэта быў чалавек, які меў універсальны геній у самых розных кірунках мастацтва. Ён быў вельмі добрым фатографам, дызайнерам, паэтам.

Таму зразумела, што мы абавязаныя яго імя ўсталяваць у нашай нацыянальнай гісторыі. Зрэшты, ён і сам ужо гэта зрабіў, ягоная песня «Простыя словы» – гімн і нашага пакалення, і наступных…

ВІДЭА
Якога колеру Беларусь? На перавыданне апошняй кнігі Анемпадыстава сабралі траціну сродкаў
2018.03.14 13:53

– Ягоная апошняя кніга «Колер Беларусі» атрымала прэмію «Залатая літара» і ўзнагароду «За ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацка-графічнае афармленне» на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». Гэта вельмі важна, бо Міхал сам быў аўтарам, складальнікам, фатографам і дызайнерам – адзін ва ўсіх асобах. У свой час напісала працу Леніна Мікалаеўна Міронава, выкладчыца і заснавальніца беларускай навукі колеразнаўства – і на ёй вырасла не адно пакаленне дызайнераў і мастакоў. Міхал працягнуў яе працу, яго бачанне вельмі важнае для раскрыцця нашай ідэнтычнасці.

Але Міхала больш за ўсё паважалі за ягоныя чалавечыя якасці. Вядома – гэта выбітны мастак, дызайнер, паэт, але перадусім мы страцілі сябра. Я страціў сябра. Я вельмі журбую. Мы страцілі чалавека, якога вельмі не хапае, выбітнага аўтара, мысляра. Гэта постаць, якая застанецца ў нашай гісторыі не на адно стагоддзе, і мы павінны рабіць усё, каб гэтае імя не сышло з нашай памяці.

ВГ belsat.eu

Стужка навінаў