Абвясцілі шорт-ліст прэміі імя Міхала Анемпадыстава


Пераможцу прэміі назавуць на Фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які адбудзецца 4–7 красавіка ў прасторы ОК16. У шорт-ліст увайшлі:

  • Грыгорый Кацнэльсон – Рычард Гавяліс «Віленскі покер», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Анатоль Лазар Wiecier Mechaniczny– Чарльз Букоўскі «Чытво», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Аляксандр Лучына – VEHA «Найлепшы бок», выдавецтва «Янушкевіч»;
  • Арцём Масюкевіч – Святлана Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Віталь Ругайн, Наста Рагатка, Даша Сапранецкая, Максім Горбік, Андрэй Кабанаў (фота), Агата Пойзан (дызайн) – укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтр «Вясна»;
  • Анастасія Стальмахова, на вокладцы выкарыстаны фрагмент працы Сяргея Шабохіна «Практыкі падпарадкавання» – Вольга Шпарага «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт»;
  • Павел Татарнікаў – Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва «Медыял»;
  • Сяргей Шаматульскі – Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Сяргей Шаматульскі – Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Уладзіслава Юрчанка – Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС», выдавецтва «Галіяфы».

Новая прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру за найлепшую вокладку беларускай кнігі заснаваная ў памяць мастака, паэта, фатографа, дызайнера, культуролага Міхала Анемпадыстава. У журы конкурсу ўвайшлі творцы, якія працуюць са словам і з візуальнымі вобразамі: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Васіліса Паляніна. Фота www.facebook.com/vasilisa.polianina

Арганізатары папярэджвалі, што асаблівае значэнне мае не толькі дызайнерскае рашэнне вокладкі, але і адлюстраванне ў ёй сутнасці кнігі. Васіліса Паляніна распавядае, як праходзіў адбор намінантаў і якімі крытэрамі кіравалася журы.

«Галасаванне праходзіла ў онлайн-форме, таму не магу казаць за ўсё журы, распавяду толькі пра свае крытэрыі. Паколькі гаворка ідзе пра вокладку кнігі, важнай часткай зʼяўляецца яе візуальная прэзентацыя. Прафесійная і ўнікальная вокладка наўпрост не працуе ва ўсёй сваёй моцы з-за таго, што яе падаюць без фотапрэзентацыі, як дызайнерскі макет. Працуе таксама прынцып банальнай канкурэнцыі, патрэбна якасная падача фіналу сваёй працы», – кажа Паляніна.

Вокладка звычайна складаецца з некалькіх кампанентаў: гэта шрыфтавое напісанне і мастацкае напаўненне (або яго ўмоўная адсутнасць). Яшчэ ўлічваецца маштаб візуальнага вырашэння ў суадносінах з памерам кнігі. Вядома, разам з візуальнай, грае ролю сэнсавая частка. Але мы не заўсёды ведаем, пра што кніга, перад тым, як набыць яе. Вокладка дапамагае адчуць пэўны характар, стварыць настрой. Так гэта і працуе: добрая вокладка – як русалка, што заваблівае падарожніка кінуцца ў пастку небыцця.

Павал Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе». Вокладка – Сяргей Шаматульскі
Надзея Ясмінска «Дом цікаўных казак». Вокладка – Алена Сацута. Надзея Ясмінска «Пацеркі і кроплі». Вокладка – Стася Сакалоўская
VEHA «Найлепшы бок». Вокладка – Аляксандр Лучына
Марыя Мартысевіч «Сарматыя». Вокладка – Юлія Рудзіцкая
Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых». Вокладка – Сяргей Шаматульскі

Працы ўсіх намінантаў можна паглядзець у альбоме, на старонцы facebook.

У гэтым годзе прэмія рэалізуецца сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і «Лятучым універсітэтам», а таксама польскім партнёрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральным партнёрам выступіў тэлеканал «Белсат».

ЛП belsat.eu

Стужка навінаў