Сетка гіпермаркетаў «Гіпа» 20-21 сакавіка праводзіць акцыю «Чорная пятніца» – традыцыйны распродаж, падчас якога пэўныя тавары можна набыць са зніжкай 50%. Наколькі апраўдана такая акцыя падчас распаўсюду ў краіне каронавірусу?
У многіх краінах дзейнічае рэжым каранціну праз пандэмію. У Беларусі, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага каранціну, людзі намагаюцца самаізалявацца, каб не дапусціць распаўсюду.
Некаторыя крамы і рэстарацыі нават запусцілі бескантактную дастаўку прадуктаў і страваў – пакункі пакідаюць ля дзвярэй кватэры. Грамадзяне ўсё часцей карыстаюцца сэрвісам дастаўкі ежы з іншых супермаркетаў.
Тым часам «Гіпа» дасылае кліентам паведамленні пра «чорную пятніцу», рэкламуе яе на сваім афіцыйным сайце.
Мы запыталі ў супрацоўніцы аддзелу рэкламы «Гіпа», чаму кампанія не адмовілася ад правядзення акцыі праз эпідэміялагічную сітуацыю.
«Справа ў тым, што ўсе рэкламныя акцыі ў нас плануюць не за два-тры дні, а прыкладна за месяц. Наконт наступных акцыяў я дакладна сказаць не магу, але пакуль пра адмены мне нічога не вядома. Крамы будуць праводзіць усе запланаваныя раней акцыі», – адзначыла прадстаўніца менеджменту «Гіпа».
Нагадаем, у Беларусі па стане на 20 сакавіка лабараторна пацверджана 69 выпадкаў каронавірусу, большасць з іх у лёгкай форме. 15 пацыентаў ужо выпісаныя са шпіталю.
КА belsat.eu